Берасьце прэтэндуе на правядзеньне зімовага чэмпіянату Эўропы па лёгкай атлетыцы ў 2011 альбо 2012 годзе. Надоечы горад над Бугам наведалі прэзыдэнт Эўрапейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі швайцарац Ханс‑Ёрг Вірц і скарбнік гэтай арганізацыі чэх Карал Пільны. Яны агледзелі спартыўныя аб’екты горада і ягоную інфраструктуру. У прыватнасьці госьці пабывалі на футбольна‑лёгкаатлетычным спартыўным комплексе «Берасьцейскі» і лёгкаатлетычным манежы.

Трэба адзначыць, што пасьля рэканструкцыі, якая закончылася ў 2005 годзе, цэнтральны гарадзкі стадыён адпавядае ўсім міжнародным стандартам і зьяўляецца ці не найлепшым у краіне. На ім усталяваныя электронная сыстэма фотафінішу, таблё, мэтраном, сучасная сыстэма асьвятленьня, радыёсувязь, VIP‑ложы, месцы для прэсы і камэнтатарскія кабіны.

Акрамя таго, што немалаважна, маецца запасное разьміначнае поле. Цяпер стадыён можа зьмясьціць каля 11 тысяч гледачоў, прычым каля 80 адсоткаў зь іх разьмяшчаюцца пад дахам заходняй трыбуны. Як паведаміў дырэктар стадыёну Казімір Рынкевіч, зусім нядаўна прадстаўнікі адной зь нямецкіх фірмаў поўнасьцю абнавілі пакрыцьцё бегавых дарожак, і берасьцейскі спартыўны цэнтар на сёньня зьяўляецца адзіным у краіне, на якім можна праводзіць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы найвышэйшага ўзроўню.

Паводле: Уладзімер Люкевіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0