Але спаборнічаць з «Мовай Нанова», «МоваВедай» і «Мова.tut» яны ня будуць.

«Мова зь Імбрыкам» — так назваў курсы беларускай мовы прадпрымальнік, распаўсюднік беларушчыны і ўладальнік інтэрнэт-крамы беларускіх тавараў Imbryk.by Алесь Мазанік.

Праект можна назваць інтэрнацыянальным — курсы будуць праходзіць у Менску і Вільні.

24 студзеня ў Доме нацыянальных меншасьцяў у Вільні ўжо адбылася прэзэнтацыя новых курсаў. У Менску праект стартуе 26 студзеня — у Арт Сядзібе.

«Курсы беларускай мовы «Мова зь Імбрыкам» маюць нефармальны, забаўляльны характар. Яны больш прыдатныя для адпачынку, чым для сур’ёзнага вывучэньня мовы. У Вільні жыве шмат беларусаў, якія добра валодаюць беларускай мовай. Для іх курсы стануць пляцоўкай, дзе можна сабрацца, каб весела і карысна правесьці час разам з суродзічамі. Увогуле ідэя такая — і гэта тычыцца і віленскіх, і менскіх курсаў — каб людзі розных прафэсіяў распавядалі, як беларуская мова дапамагае ім у штодзённай працы. Гэта курсы для абмену досьведам, хоць кожны занятак будзе мець і тэму, і праграму.

Калі я ўпершыню прыехаў у Вільню, я быў моцна зьдзіўлены тым, што ў горадзе, дзе ледзь ня кожны месяц бывае кожны сьвядомы беларус, няма нічога сталага па-беларуску, каб чалавек прыехаў і ведаў, што раз на тыдзень ён можа трапіць на нейкае мерапрыемства. Параіўшыся з прадстаўнікамі Таварыства беларускай культуры ў Літве, я вырашыў, што курсы беларускай мовы могуць быць добрым варыянтам», — распавёў Алесь Мазанік Свабодзе.

Што да менскіх курсаў беларускай мовы, то Алесь Мазанік лічыць, што ня створыць канкурэнцыі «Мове Нанова», «МоваВеда» і «Мова.tut» — у кожных курсаў свой слухач:

«Калі я запрашаю сваіх знаёмых на курсы «Мова зь Імбрыкам», то я разумею, што на іншых курсах іх нешта не задавальняла — ці плян навучаньня, ці час заняткаў. Дый я перакананы, што для вялізнага Менску яшчэ адны курсы беларускай мовы лішнімі ня будуць».

Курсы «Мова зь Імбрыкам» будуць адбывацца:

Менск — штоаўторак, 20.00, Артсядзіба (пр. Незалежнасьці, д.58, офіс 430).

Вільня — штосуботу, а 17.00, у Доме нацыянальных меншасьцяў (вул. Раугіклас, 25).

Вядучы курсаў — Алесь Мазанік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0