Каб пераканацца, што гэта альбо ў журналіста з рэцэптарамі не тое, альбо пакупнікоў дураць, было вырашана занесці гэтае масла на экспертызу. Хай прафесіяналы правераць адпаведнасць масла заяўленаму складу.

Куды несці?

Спачатку мы патэлефанавалі ў таварыства па абароне правоў спажыўцоў, дзе сказалі, што экспертызамі харчовага масла яны не займаюцца.

Потым паспрабавалі праверыць масла ў лабараторыі Мінскага малаказавода №1, але тамтэйшы загадчык адказаў, што чужое масла яны не правяраюць, і параіў звярнуцца ў БелДІМ (Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі).

У гэтым інстытуце супрацоўніцы харчовай лабараторыі спачатку пужалі вялікімі выдаткамі на экспертызу, а потым папрасілі пачакаць кіраўніцтва, якое і вырашыць, ці зробяць яны экспертызу.

«Кіраўніцтвам» аказалася жанчына сярэдняга веку, якая завяла журналіста ў свой кабінет і дзесьці з паўгадзіны даводзіла, што а) адкуль яна ведае, што я не паклаў іншае масла ў гэтую абгортку? б) адкуль яна ведае, што я купіў гэта масла ў беларускай краме? в) адкуль яна ведае, што я туды чагосьці не падмяшаў?

І пры гэтым яна казала, што нават калі і высветліцца, што масла няякаснае, то гэта ўсё адно не дасць мне права сцвярджаць, што мяне надурылі, бо для гэтага трэба праверыць кожны пачак масла ад гэтага вытворцы, а разавы брак, маўляў, можа здарыцца ў кожнага.

Па выніку ўзяць масла на экспертызу яна адмовілася. На заўвагі, што мы хочам праверыць менавіта гэтыя пачкі масла і не плануем вінаваціць вытворцу ў суцэльным падмане, жанчына зноў паўтарала, што не можа прыняць масла, бо ніхто не бачыў, як я купляў яго ў краме і ці не праводзіў я з ім ніякіх махінацый. Апеляцыя да таго, што гэта проста бізнэс: я вам плачу (каля 2 мільёнаў, дарэчы), а вы — робіце экспертызу, таксама ні да чаго не прывялі.

Такім чынам, чалавек у нас ніяк не можа праверыць якасць малочнага прадукту. А гэта патрэбна, каб кантраляваць вытворцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?