Хто купляў самыя дарагія кватэры ў Мінску і рэгіёнах у 2015? Студэнткі ды расіяне. І некалькі вядомых асоб
Рынак нерухомасці перажывае спад. У снежні мінулага года цана сярэдняга метра кватэр у Мінску апусцілася да $1231. Гэта мінімальная лічба за апошнія дзевяць гадоў. У выніку самыя танныя кватэры ў спальных раёнах сталіцы ўжо прадаюцца за $30 тысяч.
Але пакуль адныя складаюць капейчыну да капейчыны і ўлазяць у крэдыты, іншыя могуць дазволіць сабе элітнае жыллё. Цана кватэры ў Мінску можа дасягаць $885 тысяч!
«Наша Ніва» склала рэйтынг самага дарагога жылля. Улічваліся ўгоды, зарэгістраваныя на працягу 2015 года. Большасць з іх здзяйснялася ў беларускіх рублях, тады мы пераводзілі гэтыя сумы ў даляры па афіцыйным курсе таго дня.
Мінск
1 і 2. Cтаражоўская, 6, «дом Чыжа»

Лідарам рэйтынгу каторы год з’яўляецца «дом Чыжа» каля Траецкага прадмесця. Апошнія кватэры тут не распрададзеныя дагэтуль.
Самымі дарагімі сталі апартаменты за $885 тысяч. Фармальна гэта аднапакаёўка, але гіганцкая — больш за 320 м2. Яе гаспадаром стаў 52-гадовы бізнэсовец, кампанія якога працуе ў сферы лагістыкі.
Крыху менш, каля 875 тысяч, каштавала іншая кватэра ў гэтым жа доме. Купец — кампанія «Агралізінг», якая падпарадкоўваецца «Белаграпрамбанку».
3. Праспект Пераможцаў, 27, «Славянскі квартал»

Рыэлтары адзначаюць, што ва ўмовах крызісу асноўнымі набыўцамі элітнай нерухомасці становяцца замежнікі — дарагія кватэры купляюць арабы, кітайцы і, вядома ж, расейцы.
Расійскі хакейны брамнік Мікалай Хабібулін нарадзіўся ў Екацярынбургу, але, калі пабраўся шлюбам з беларускай, зачасціў у Мінск. На яго рахунку амаль 800 гульняў у НХЛ — самым прэстыжным хакейным спаборніцтве свету. Калі ж Хабібулін выйграў Кубак Стэнлі, то прывёз трафей у Мінск. Дый дачка брамніка, Аляксандра Хабібуліна, выступала ў тэнісных спаборніцтвах за Беларусь.
Чатырохпакаёўка ў новым доме «Славянскага квартала» каштавала 829 тысяч — па $5550 за квадратны метр.
4. Праспект Пераможцаў, 57

Дом каля гатэля «Вікторыя» быў пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Аднак кватэры ў ім дагэтуль карыстаюцца попытам, асабліва сярод перасяленцаў з усходняй часткі Украіны.
Упадабаў жыллё тут і беларускі мільянер Валер Шумскі, які цяпер мае расійскае грамадзянства. Пяціпакаёўка плошчай 210 м2 дасталася яму за $740 тысяч.
Ураджэнец Вілейкі заснаваў «Юколу», якая ў 1990-я працавала ў аўтабізнэсе, а ў 2000- я пераключылася на пастаўку і перапрацоўку нафты. Сам Шумскі лічыцца калекцыянерам рэтрааўтамабіляў і музычных інструментаў. Ён жа яшчэ і відны праваслаўны мецэнат.
5. Філімонава, 20, «Аквамарын»

$620 тысяч — столькі каштавала кватэра ў жылым комплексе «Аквамарын» расійскаму малавядомаму бізнэсоўцу з Рублёўкі. Ён абраў сабе сяміпакаёвыя апартаменты плошчай 170 м2. «Аквамарын» — праект будаўнічай кампаніі «Тапас», поспех якой звязваюць з асобай Паўла Белага, нападаючага хакейнай зборнай Аляксандра Лукашэнкі.
У Мінску пяцёрка самых дарагіх кватэр каштуе больш за 600 тысяч. У іншых рэгіёнах краіны цэны нашмат меншыя.
Брэстчына
Самае дарагое жыллё было прададзенае не ў абласным цэнтры, а ў Пінску. Бізнэсовец з Хабараўска выкупіў адразу дзве трохпакаёўкі ў доме на вуліцы Брэсцкай. Цана выглядае завышанай — $210 тысяч за 57 м2 і $90 тысяч за $62 м2, хай і ў цэнтры горада.
У Брэсце ж самай дарагой кватэрай стала чатырохпакаёўка на вуліцы Маякоўскага. Набыла яе выкладчыца графікі ў каледжы, заплаціла $129 тысяч.
Віцебшчына
Самым дарагім на поўначы Беларусі стаў дом на вуліцы Калініна, 16А. У гэтым навабудзе былі прададзеныя некалькі кватэр-рэкардсменаў. Адна з іх, чатырохпакаёўка плошчай 152 м2, дасталася пенсіянерцы з нафтавага Ханты-Мансійска. Грамадзянка Расіі заплаціла за жыллё $147 тысяч.
Гомельшчына
Тут пераможцай рэйтынгу стала 22-гадовая студэнтка Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Нехта — найхутчэй, яе бацькі — за $151 тысячу набыў кватэру ў новым доме на вуліцы Сялянскай. А праз некалькі дзён падарыў дзяўчыне гэтую двухпакаёўку плошчай 99 м2.
Гродзеншчына

Самай дарагой у заходнім рэгіёне стала кватэра ў будынку на вуліцы Свярдлова ў Гродне (плошча 125 м2 ). Яе набыла выкладчыца рускай мовы ў адным з універсітэтаў горада — заплаціла $125 тысяч.
Ненашмат адстала цана іншай кватэры ў гістарычным цэнтры. За трохпакаёўку плошчай 72 м2 на вуліцы Васілька пенсіянер- бізнэсовец з расійскага Комі заплаціў $120 тысяч.
Магілёўшчына
Чатырохпакаёўка на вуліцы Ленінскай у Магілёве, проста за касцёлам, каштавала мясцоваму бізнэсоўцу $259 тысяч. Яе плошча — 122 м2. Гаспадыняй стала ягоная 22-гадовая дачка, якая ўзначальвае турфірму.
Міншчына
У Валер’янаве кватэры купляюць ажно за $340 тысяч. Але гэта прыгарад Мінска. Таму ўлічым толькі жыллё на адлегласці ад сталіцы. Тады перамагае жыллё ў Жодзіне. Трохпакаёўка на праспекце Леніна каштавала новаму гаспадару $120 тысяч.
Каментары