Атручаныя вірусам, напаўспарахнелыя людзі бадзяюцца па горадзе і зжыраюць усіх, хто не з гнілой біямасы. Пры канцы фільма звычайна з’яўляецца герой-адзіночка, які ўсіх выратоўвае ці забівае, у залежнасці ад густу гледача. Гэта фільм, фантастыка… А тут — краіна-зомбі.

Пачыналася ўсё з эксперыменту. Купка людзей вырашыла паглядзець, што атрымаецца, калі пабудаваць сацыялізм у асобна ўзятай краіне.

З кавалкаў памерлай Расійскай Імперыі быў сшыты Франкенштэйн-СССР. Цела атрымалася такое: гігант з моцнымі цягліцамі, на гліняных нагах, затое з доўгімі рукамі і пражэрлівымі сківіцамі.

Франкенштэйн быў з мёртвага цела, і, як дохлая рыбіна, пачаў гніць з галавы. Мозг паступова адасобіўся ад цела і загніў. А цела паразвальвалася на кавалкі. Эксперымент праваліўся. Але палітыкі пачалі эксперыментаваць з кавалкамі Франкенштэйна. Кожны ўзяў па кавалку. І ўзяліся за справу, з кавалка зляпілі новыя целы. Так з’явіліся краіна-зомбі.

Як вядома, зомбі — гэта цела без душы, але з функцыянальным мозгам.

Толькі вось незадача — душа не зусім памерла, у летаргічным сне была. Але яна жывая, і нават пачынае вяртацца ў цела, паступова яго ажыўляючы. Аджыве цела, будзе жывая, здаровая краіна.

Гэта не цікава… Гэта любы дурань зможа, трэба працягваць эксперымент. Было вырашана ўмярцвіць душу канчаткова. Для краіны што з’яўляецца душой? Культура, мова, самабытнасць. Пачалі іх знішчаць. Ізалявалі здорам — тлушчам кішэчным.

Ходзіць, функцыянуе мярцвяк. Але вось бяда, старая праблема не вырашана: без душы і мозг добра працаваць не можа — загнівае мозг. Што далей з краінай-зомбі будзе? Невядома.

Ва ўсходняга навукоўца эксперымент больш удалы атрымаўся. Да цела дзяржавы падвялі трубкі і замест крыві пачалі напампоўваць нафтагазавую сумесь. Цела паружавела, налілося моцай, зноўку нарасціла цягліцы.

Здавалася б, вось, жыві ды радуйся! Толькі ў вучонага-эксперыментатара фантазія слабаватая, гэты дуралом вырашыў ізноў гіганта зляпіць, і ўжо прышывае да яго новыя кавалкі.

Цалкам магчыма, што і зомбі нашага скора далучыць, можа, у выглядзе трэцяй нагі ці там пятага пальца. Эксперымент працягваецца. Але мне здаецца, гэта скончыцца тым, што і ў першы раз — вялізным пшыкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?