За незаконны загад і збіццё салдата сяржант прысуджаны да двух гадоў абмежавання волі.

Ноччу ў адной з вайсковых часцей Гомельшчыны прайшоў незвычайны ўздым маладых байцоў. Яго правялі праз невыкананне навабранцам тайных нястатутных правілаў, паведаміў «Гомельскай праўдзе» старэйшы пракурор аддзела пракуратуры вобласці Арцём Ігнаценка.

Камандзір аддзялення ў званні сяржанта загадаў маладым салдатам стаяць каля сваіх ложкаў да раніцы. Высветлена, калі адзін з байцоў адмовіўся выконваць незаконны загад, сяржант ужыў сілу. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па арт.455 (Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады) КК Рэспублікі Беларусь. Пракуратурай Гомельскай вобласці падтрымана абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да вайскоўца тэрміновай службы.

Суд спецыяльна правялі ў гэтым жа вайсковым падраздзяленні — на вачах у таварышаў па службе. Сяржант раскаяўся, папрасіў прабачэння ў таварышаў і добраахвотна выканаў іскавыя патрабаванні збітага салдата. Абвінавачанага, ураджэнца Брэсцкай вобласці, прызналі вінаватым і пазбавілі воінскага звання «сяржант».

Яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады. Акрамя таго, яго на 2 гады пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў і выкананнем функцый прадстаўнікоў улады. Прысуд уступіў у законную сілу.

Да ведама. На Гомельшчыне з верасня 2014 пераемнікам ваеннай пракуратуры стаў аддзел па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках абласной пракуратуры. Для папярэджання падобных злачынстваў яе супрацоўнікі пастаянна праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Праваахоўнікі просяць грамадзян, якім вядома пра факты парушэння правоў і законных інтарэсаў ваеннаслужачых, праяве нястатутных узаемаадносін у воінскіх калектывах, паведаміць пра іх у аддзел па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках пракуратуры вобласці па адрасе: г. Гомель, вул. Катуніна, 24, тэл. 8 (0232) 71-03-76.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?