Трагедыя адбылася ў старэнькай хрушчоўцы ў былым вайсковым гарадку Барысава. У першым пад'ездзе ўчора знайшлі загінулымі жыхароў кватэры на трэцім паверсе — пажылую пару гадоў 70-ці. Крыху пазней, да вечара, узламалі дзверы ў кватэры на другім паверсе — там загінула сям'я з чатырох чалавек.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Настасcя з мужам і чатырохгадовым дзіцем жыве ў першым пад'ездзе на чацвёртым паверсе. Яна адной з першых адчула пах газу, перадае з месца здарэння Кацярына Панцялеева, TUT.BY.

— Я пачала панікаваць яшчэ а шостай-сёмай раніцы. У мяне хварэе дзіця, і мы нават на вуліцу не маглі выйсці — такая слабасць. Выклікала і хуткую, і газавікоў, і супрацоўнікаў домакіраўніцтва. І ўсе мне казалі, што ўсё ў парадку.

Першы раз Настасcя патэлефанавала ў газавую службу а 7.00 раніцы 27 студзеня — праз паўгадзіны спецыялісты прыехалі.

— У кватэры была проста газавая камера, мы адчынілі ўсе вокны. У мяне падняўся ціск, стаяў шум у вушах і быў стан непрытомнасці.

Па словах Настассі, спецыялісты адказалі, што бутан ёсць у паветры, але прыборы не паказваюць, што гэта газ, і турбавацца не варта.

— Газаўшчыкі адкрылі-закрылі кранік — і сказалі, што ўсё ў парадку. Але было вельмі млосна, я не магла ўстаць, ногі падкошваліся. Я вырашыла, што гэта пачынаецца грып або прастуда.

На другі выклік газаўшчыкі не прыехалі, сказалі, успамінае Настасся, што гэта пах бытавой хіміі, адаранта.

— Я пагугліла і высветліла, што адарант дадаюць у газ для надання паху. Нам пашанцавала, што ў нашай кватэры стаіць нейтралізатар пахаў, магчыма, гэта выратавала нам жыццё.

У прыбіральні, ваннай і на кухні кватэры Настассі стаяў моцны пах газу, і яна звярнулася ў домакіраўніцтва.

— Прыйшлі пяць чалавек. І яны сказалі, што ўцечкі газу не было.

Тады жанчына пайшла па суседзях: на другім і на трэцім паверсе дзверы ніхто не адамкнуў.

Днём Насту забралі ў бальніцу. З дзіцем застаўся муж, які вярнуўся з працы ў Мінску. Мужчына распавядае, што адчуў пах яшчэ а трэцяй гадзіне ночы 27 студзеня. Пах стаяў, і калі ён ад'язджаў на працу — у 6.45.

— Але ён быў нейкі саладжавы, таму я не стаў звяртаць увагу.

Каля шасці вечара да пажылой пары на трэцім паверсе прыехаў сын: бацькі не адказвалі на званкі, і ён вырашыў высадзіць дзверы. У кватэры знайшлі загінулых мужа і жонку.

— Вось тады да нашага дому і пачалі з'язджацца і службы газу, і хуткая, і міліцыя. Зайшлі і да нас: адкрывайце вокны, чадны газ. Але па маёй версіі, гэта быў бытавы газ.

У сям'і, якая жыла на другім паверсе, быў сабака: суседзі ўжо прывыклі да таго, што ён пастаянна брэша. І толькі пад вечар звярнулі ўвагу — з кватэры не даносіцца ні гуку.

— Я вырашыў, што гэта вельмі дзіўна, і папрасіў узламаць дзверы. А там — таксама мёртвая сям'я. Бацька ў іх вайсковец, двое дзяцей-школьнікаў. Усе загінулі.

Дарэчы, суседзі загінуўшых кажуць, што па дадзеных, прадстаўленых следчым, 24 студзеня ў доме правяралі газавыя калонкі.

— Але да нас з праверкай сапраўды ніхто не прыходзіў.

***

Аляксандр, які жыве ў чацвёртым пад'ездзе, распавядае, што яму ўвечары патэлефанаваў брат, які працуе ў МНС, і папрасіў перакрыць усе калонкі. Аляксандр распавядае, што выратавальнікі спачатку зайшлі ў кватэру на 3 паверсе. Пажылы мужчына ляжаў каля парога. Магчыма, ён спрабаваў выйсці з кватэры.

Праз акно ратавальнікі патрапілі ў кватэру на другім паверсе. На кухні каля стала ляжалі мама (жанчына працавала поварам) і дачка-адзінаццацікласніца. У ванне - 10-гадовы сын, чацвёртакласнік. Вады ў ванне не было. Цела бацькі-ваеннага знайшлі ў зале на канапе. Калі выратавальнік падышоў да калонкі, яна шыпела, і ён перакрыў кранік. Магчыма, не было цягі, таму калонка патухла. Як мяркуецца, магла быць праблема з выцяжкай.

- Наколькі я чуў, гэта было не удушша, а атручванне. Гэта быў чадны газ.

***

Першым намеснікам старшыні Следчага камітэта, што каардынуе працу на месцы здарэння, распачата крымінальная справа па арт. 428 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па факце неналежнага выканання службовых абавязкаў службовымі асобамі МПУ «Барысаўміжрайгаз», што пацягнула гібель шасці чалавек.

У цяперашні час следчымі вывучаецца канфіскаваная ў адпаведных арганізацый дакументацыя, дапытваюцца сведкі. Прызначаныя экспертныя даследаванні.

Барысаўскі філіял УП «Мінскаблгаз»: «Магчымая прычына гібелі людзей — атручванне чадам»

Дырэктар Барысаўскага філіяла РУП «Мінскаблгаз» Аркадзь Сушкін пракаментаваў Onliner.by трагедыю:

— Па факце гібелі шасці чалавек у Барысаве па вуліцы Дняпроўскай, 6 можам патлумачыць наступнае. Канцэнтрацыі прыроднага газу ў жылых памяшканнях выяўлена не было. Магчымая прычына гібелі людзей — атручванне чадным газам з прычыны няправільнай працы дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Жыхары сцвярджалі, што газавымяральнікі паказвалі перавышэнне, аднак Сушкін запэўніў:

— Канцэнтрацыю чаднага газу, то бок прадукту гарэння, паказваюць асобныя прыборы, якія ў нашай арганізацыі не прадугледжаны. Нашы прыборы вызначаюць толькі канцэнтрацыю метану і бутану. Больш нічога. Заўсёды будуць людзі, якія скажуць адваротнае, але мы ўчора самі там былі і можам сказаць, што не было канцэнтрацыі прыроднага газу. Усё астатняе зможа патлумачыць толькі Следчы камітэт.

Аб выніках праверкі, думаю, даведаюцца ўсе.

А вось што напісаў чытач «Нашай Нівы» ў каментах:

«Атруціліся людзі, найхутчэй, з-за чаду, наяўнасць якога і пацвердзілі астатнія жыхары дома, — напісаў у каментарах на «Нашай Ніве» адзін з чытачоў. — Калі на газаразмеркавальнай станцыі дадалі зашмат адарантаў у прыродны газ, то пры яго гарэнні не ўвесь адарант выгарае. І тады ён дае пах, які ўсё прымаюць за пах газу. Мяркуючы па фатаграфіі, у кватэры прысутнічае газавая калонка, якая падключана да вентыляцыйнага канала. А вось ці спраўны ён? Пытанне. Усе ведаем, як здаюць дамы будаўнікі, якое смецце застаецца ў тым ліку і ў вентканалах. З часам мог адкалоцца кавалак бетону і закаркаваць вентсістэму. Калонка запалена, чаднаму газу выходзіць няма куды. У выніку — ахвяры! Так ці інакш, ва ўсім разбярэцца следства. Не спяшайцеся рабіць высновы», — падсумоўвае чытач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0