Суд Мінскага раёна прысудзіў да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 28-гадовага Інома Ісмаілава. Яго прызналі вінаватым у забойстве 24-гадовай мінчанкі Кацярыны Сачковай, якое было здзейснена летам мінулага года.

Нагадаем, дзяўчына знікла 24 ліпеня мінулага года — выйшла з інтэрната на вуліцы Варвашэні ў Мінску і не вярнулася. Яе шукалі міліцыя і валанцёры. Праз тыдзень праваахоўнікі паведамілі, што цела дзяўчыны знайшлі ля дарогі ў Бешанковіцкім раёне (Віцебская вобласць). Неўзабаве быў затрыманы падазраваны ў забойстве — 28-гадовы грамадзянін Таджыкістана. Як высветлілася, маладыя людзі былі знаёмыя, некалькі гадоў сустракаліся, але пазней рассталіся.

Забойства адбылося ў кватэры мужчыны, што ў Мінскім раёне. Ён задушыў дзяўчыну падчас сваркі з-за рэўнасці, а пасля загарнуў цела ў прасціну, паклаў у вялікую дарожную сумку і вывез на аўтамабілі ў лес, дзе закапаў.

Іному Ісмаілаву было прад'яўленае абвінавачванне па ч.1 арт. 139 (Забойства), ч.1 арт. 205 (Крадзеж), ч.1 арт. 14 і ч.2 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Замах на крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі). Судовы працэс пачаўся ў пачатку студзеня.

Пракурор Наталля Кароткая папрасіла суд прысудзіць абвінавачанага па сукупнасці злачынстваў да 18 гадоў пазбаўлення волі. Суд з довадамі боку абвінавачання пагадзіўся, прызначыўшы Ісмаілаву адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Акрамя таго, на карысць пацярпелага боку, маці забітай дзяўчыны, суд пастанавіў спагнаць з асуджанага 315 мільёнаў (у тым ліку 300 — за маральную шкоду).

Як патлумачыла дзяржабвінаваўца Наталля Кароткая, суд вынес максімальна магчымае пакаранне па прад'яўленых абвінавачваннях ў забойстве - 15 гадоў зняволення (верхні «парог» па ч.1 арт.139). Таму, хутчэй за ўсё, пракуратура не будзе абскарджваць прысуд.

У іншых бакоў працэсу на гэта ёсць 10 дзён. Такім правам, па некаторай інфармацыі, можа скарыстацца абвінавачаны. А вось сям'я загінулай дзяўчыны прыняла іншае рашэнне:

«Я думаю, мне проста не хопіць здароўя больш [абскардзіць]. Гэта вельмі цяжка. А Кацю не вярнуць … Таму мяне задавальняе так, як ёсць», — сказала маці загінулай, Таццяна Сачкова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?