Больш за 500 індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) Віцебскай вобласці сабраліся раніцай 28 студзеня каля аблвыканкама. ІП з Віцебска, Оршы, Полацка і іншых гарадоў запатрабавалі ад чыноўнікаў абмеркаваць праблемы малога бізнесу.

Зараз у будынку віцебскага філіяла Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносінаў, які размешчаны побач з аблвыканкамам, праходзіць сустрэча ІП з прадстаўнікамі аблвыканкама, паведаміў БелаПАН старшыня грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

«Людзей вельмі шмат. Яны спрабуюць данесці да ўлады сваю пазіцыю. Галоўнае пытанне — каб ім далі магчымасць працаваць, — расказаў Шумчанка. — Прадпрымальнікі з Віцебска паведамляюць, што ўлады разводзяць рукамі, гавораць, што адкажуць пісьмова, самі зрабіць нічога па вялікім рахунку не могуць».

Стыхійны сход ІП зараз праходзіць таксама ў Гомелі на рынку «Прудкоўскі». На працягу студзеня падобныя сходы прайшлі ў многіх гарадах Беларусі. У некаторых выпадках прадпрымальнікам удалося дамагчыся сустрэчы з уладамі, яны перадалі свае патрабаванні, але на рашэнне праблем ІП гэта пакуль ніяк не паўплывала.

Нагадаем, з 1 студзеня ў Беларусі дзейнічае ўказ № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі». Ён загадвае ІП рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Праблема складаецца ў тым, што расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП штрафуюцца, у іх канфіскуюць тавар. Паколькі неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ пачутыя не былі, з пачатку новага года ў Мінску і іншых гарадах Беларусі многія рынкі і гандлёвыя цэнтры апынуліся практычна пустымі — пераважная большасць ІП прыпынілі працу з-за немагчымасці выконваць патрабаванні ўказа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?