«Тое, што цяпер дзеецца ў Ватыкане ў плане веравучэння, цяжка ахарактарызаваць інакш, як паўзучы дэмантаж. Здзяйсняецца ён у белых рукавічках, але здзяйсняецца», – напісаў нядаўна каталіцкі інтэлектуал Томаш Тэрлікоўскі на старонках уплывовага польскага тыднёвіка Do rzeczy. Падстаў для фармулявання такога закіду за няпоўныя тры гады пантыфікату Францішка назбіралася нямала: заявы пантыфіка наконт «неасуджэння» геяў, ініцыяванне дыскусіі наконт таго, ці варта дапускаць да святых таінстваў сужонкаў, што пабраліся нецаркоўным шлюбам, дапушчэнне жанчын да ўдзелу ў рытуале абмывання ног падчас Літургіі Вялікага Чацвярга, ужыванне папам звароту «іначай веруючыя» ў стасунку да нехрысціян…

Для кансерватыўна арыентаваных вернікаў тое, што цяпер дзеецца ў Ватыкане, спараджае як маральны, так і інтэлектуальны канфуз. Варта тут адзначыць, што быццё традыцыяналістам у Касцёле значна адрозніваецца ад быцця ім у іншых сферах, а гэта па той прычыне, што безумоўнае верхавенства папы ўтварае элемент каталіцкага традыцыяналізму. Мабыць, менавіта па гэтай прычыне розныя «правыя» бунты супраць папы праходзяць больш балюча і драматычна, чым «левыя» бунты. Адна справа — бунтавацца зыходзячы з тэзы, што папа не з'яўляецца гарантам ісціны і не абавязаны ім быць, а іншая справа — бунтавацца зыходзячы з таго, што папа абавязаны быць гарантам ісціны, але не з'яўляецца ім. У першым выпадку маем дачыненне са звычайнай апазіцыяй да чалавека-ва-ўладзе, другі ж выпадак сваёй логікай патрабуе заняцця пазіцыі, якую можна акрэсліць як «процідзеянне здрадзе ісціны».

Параўнайма, для ілюстрацыі, сітуацыю арцыбіскупа Лефеўра, з аднаго боку, і сітуацыю святара Ханса Кюнга. Як першы, так і другі — заўзятыя крытыкі Ватыкана. Першы (ужо нябожчык) крытыкаваў Ватыкан за тое, што ён паддаўся «ліберальна-экуменісцкай ерасі», а другі — за тое, што Ватыкан так і застаўся «цвярдыняй кансерватызму». Бунт Лефеўра скончыўся тым, што ён і яго прыхільнікі былі выключаны з супольнасці Касцёла, бунт Кюнга — усяго толькі забаронай выкладаць у каталіцкіх навучальных установах. Безумоўна, сітуацыя Кюнга і Лефеўра адрознівалася і ў іншых аспектах (сваю ролю тут іграў, напрыклад, факт проціпраўнага ўстанаўлення Лефеўрам новых біскупаў), але гэта не змяняе таго, што «бунт Лефеўра» быў больш драматычны з прычыны той ролі, якую іграла тут рыторыка «здрады ісціны».

Складанасць сітуацыі традыцыяналістаў можна таксама пабачыць на прыкладзе ўнутранай дыскусіі, якая вядзецца ў іхнім коле. Не паспеў спадар Тэрлікоўскі агучыць свае прэтэнзіі да папы рымскага, як адразу ж з'явіўся каментар з боку іншага — таксама прыхільніка традыцыяналісцкіх поглядаў — аўтара: «Што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе», — сказана ў Евангеллі адносна Пятра (то бок, папы). Такім чынам, мы абавязаны да паслухмянасці ў адносінах да папы». Якім чынам каталіцкі традыцыяналіст можа рэагаваць на такі аргумент?

Лібералы ў аналагічнай сітуацыі маглі б прымяніць адну з трох стратэгій. Па-першае, ліберал можа тут заклікаць да «пераасэнсавання» разумення паслухмянасці; па-другое, ён можа звяртаць увагу на рознасць інтэрпрэтацый дадзенага выказвання з Евангелля; па-трэцяе, можа сказаць, урэшце, што прыведзенае выказванне было адрасавана Пятру не як манарху, а як проста як прадстаўніку касцёльнай супольнасці. Такім чынам, у канчатковым плане гэта Касцёл, а не Пётра, можа «звязаць» або «развязаць». Каталіцкія традыцыяналісты, будучы вельмі адчувальнымі на якія-кольвечы спробы «размывання паняццяў», не любяць ані першай, ані другой, ані трэцяй стратэгіі. Калі Пісанне кажа A, то А. Не павінна быць ніякіх гульняў у «рознасць інтэрпрэтацый» або «герменеўтычныя пераасэнсаванні».

На лініі Ватыкан — каталіцкая ліберальная апазіцыя ўжо, бадай, усталявалаўся сякі-такі модус вівэндзі. Як першыя, так і другія навучыліся перажываць гэту сітуацыю без спараджэння расколу. На лініі ж Ватыкан — каталіцкая традыцыяналісцкая апазіцыя справа больш складаная. Традыцыяналістам складаней, чым лібералам, сказаць папросту: мы крытыкуем вас, але можам памыляцца. Іх зыходная пазіцыя іншая: ёсць толькі адна праўда, адна ісціна. Ёсць альбо артадоксія, або ерась. Калі мы — артадоксы, а тое, што кажа Х — супярэчыць нашай веры, значыць, Х ерэтык. Гэтая формула збольшага добра працуе, але толькі да тае пары, калі з тых ці іншых прычын пад зменную Х не трапляе сам папа. Калі трапляе, у сумленні традыцыяналіста разыгрываецца сапраўдная драма. Як спалучыць тры рэчы: (а) застацца традыцыяналістам; (б) быць крытыкам папы; (в) не разрываць еднасці з Ватыканам? Гэтыя пытанні зводзяцца фактычна да аднаго: Ці традыцыяналісцкая крытыка Ватыкана ўвогуле магчымая?

Цяпер мы назіраем сітуацыю, якую можна акрэсліць як пошук традыцыяналістамі спосабаў крытыкавання Ватыкану без разрыву з ім. Традыцыяналісты спантанна шукаюць новыя аргументацыйныя стратэгіі, якія дазволілі б ім паяднаць пералічаныя вышэй — (а), (б), (в) — рэчы. Магчыма, адным з «пабочным эфектаў» гэтага пантыфікату стане тое, што паўстане новы варыянт суіснавання розных плыняў унутры Касцёла: паўстане група традыцыяналістаў, якія будуць здольныя крытыкаваць папу, але заставацца пры гэтым у еднасці з ім.

Гэты «пабочны» эфект, калі так добра разабрацца, зусім не пабочны. Ён мае надзвычай важнае значэнне для Касцёла і хрысціянскай еднасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?