Дэпартамент міграцыі Літвы не даў дазволу на пражыванне ў Літве беларусу, які заключыў шлюб у Галандыі з грамадзянінам Літвы.

Гэтую інфармацыю ў чацвер пацвердзіла агенцтву BNS міністэрства ўнутраных спраў Літвы.

«Рашэнне адмовіць у выдачы дазволу на часовае жыхарства ў Літве прынятае на той падставе, якая пазначаная ў заяве», — заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Томас Бяржынскас.

Гэта рашэнне Дэпартамента міграцыі можа быць абскарджана на працягу 14 дзён у Віленскім акруговым адміністрацыйным судзе.

Часовая кіраўнік дэпартамента Эвеліна Гудзінскайце патлумачыла, што рашэнне прынята з улікам пазіцыі, прадстаўленай МУС.

«Паколькі гэта першы падобны выпадак, ствараецца прэцэдэнт, мы запыталі меркаванне МУС, бо гэта ўстанова, якая фармуе палітыку ў сферы міграцыі. МУС прадставіла меркаванне, згодна з якім, паколькі ў Літве не могуць заключацца аднаполыя шлюбы, то па сутнасці такі шлюб не можа прызнавацца ў Літве», — патлумачыла Гудзінскайце. Яна адзначыла, што міністэрства абгрунтавала сваё рашэнне грамадскім інтарэсам, а дэпартамент не аспрэчваў пазіцыю міністэрства.

Як сцвярджае партал навін lrytas.lt, гэтая гомасэксуальная пара заключыла шлюб у Нідэрландах.

Паводле закону аб прававым становішчы замежнікаў, адной з падстаў для атрымання часовага жыхарства ў Літве з'яўляюцца выпадкі злучэння сем'яў. Закон вызначае, што членамі сям'і грамадзяніна дзяржавы ЕС лічацца муж/жонка або асоба, з якой заключаны рэгістраваны дагавор аб партнёрскіх адносінах, дзеці. Літоўскія законы дазваляюць заключаць шлюбы толькі з партнёрамі супрацьлеглага полу.

Апублікаваныя ў кастрычніку 2015 года вынікі апытання паказалі, што жыхары Літвы ў найбольшай ступені сярод усіх жыхароў ЕС не хацелі б працаваць з супрацоўнікам-гомасэксуалам і больш за ўсіх жыхароў ЕС былі б незадаволеныя, калі б іх дзіця завязала гомасэксуальныя сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?