Над Нёмнам дагэтуль жывуць нашчадкі старавераў, якія трапілі сюды на пачатку ХІХ ст.

Куколі пад Горадняй раней лічыліся вёскай, пазней хутарам, зараз фактычна гэта дачы. Там-сям засталіся старыя хаты колішніх гаспадароў тутэйшай зямлі – старавераў. Сёння па стараверах тут засталіся могілкі ў лесе ды некалькі сем’яў нашчадкаў, якія перайшлі ў праваслаўе.

Раней жа, нават на хрэсьбіны ці заручыны ездзіць даводзілася ажно ў польскія Сувалкі – да сваіх. Адтуль жа і жонак бралі, там выходзілі замуж. У мясцовых кавалераў-каталікоў наўпрост не было шанцаў…

Але ўсё гэта ў мінулым. Сваймі ўспамінамі з намі дзеліцца Яўгенія Георгіеўна Шлыкава (па маці – Ранцава), найстарэйшы нашчадак кукольскіх старавераў.

Сямнаццаць гектараў над Нёмнам

Мой пра-пра-пра…, Лук’ян Міхалыч Ранцаў прыехаў сюды ў 1823 годзе на заробкі, пільшчыкам у Грандзічы. Прыехаў з Польшчы, а туды яго продкі трапілі з Наўгародчыны. Гаспадыня дала яму 17 гектараў зямлі на нёманскім узбярэжжы, якія пасля перайшлі яго сынам. З гэтага ўсё і пачалося. А Лук’ян Міхалыч не пражыў доўга, надарваўся падчас працы – жонка яго перажыла на 30 год.

Лествачка

Абавязкова маліліся двойчы на дзень, зранку ды ўвечары. Мой бацька, калі прыйшоў сюды жыць пасля вайны, ён данскі казак, таксама пачаў маліцца… Сорамна было заставацца ў баку. Кожны меў лествачку, нават дзеці. Гэта чоткі самаробныя на сто бубінак. Сто бубінак – сто паклонаў. Хавалі таксама разам з імі – павязаўшы на левую руку.

«Крэпка жылі» ды 1956 году

Мой дзед лавіў рыбу, бабуля прадавала. Жылі з таго, што самі рукамі зараблялі. «Крэпка» жылі. Казалі, што недзе і голад быў, не хапала чагосьці… А тут неяк не адчувалася. Гэта ў 1956-м, як калгасы парабілі, то ўсё змяняцца пачало…

«Капіталінка, пачытай»

Як было? У нядзелю як паснедалі, дзед запрашае дзяцей у пакой, дастае «Псалтыр» і вучыць. У пяць год мама ўжо чытала псалмы, не магла, праўда, дастаць да стала, дык ёй табурэт ставілі. Той дзед, які некалі служыў у Пецярбурзе ў Прэабражэнскім палку, ён казаў маёй маме: «Капіталінка, пачытай мне». А пасля даваў за гэта адзін злоты. Усе бацькі вучылі сваіх дзяцей. Нядзеля была для навукі – такая традыцыя.

Алкаголь

Калі бацька толькі прыйшоў у сям’ю ды паставіў на стол бутэльку, браты маёй маці пачалі пераглядацца, маўляў, сястра за п’яніцу выйшла. А раней яшчэ, дзед мой казаў: «Ні за плытніка, ні за пільшчыка дачку не аддам!» Лічылася чамусьці, што яны як сезонныя працоўныя не мелі добрай гаспадаркі ды выпівалі часцяком.

Плытагоны

Насупраць Куколяў раней на Нёмне была выспа. Зараз рака змяніла сваё цячэнне і яна «прырасла да берагу». Калі гналі плыты, я чула адтуль: «Наліво,наліво!» Думаю, што гэта яны крычаць? Пасля толькі зразумела, што яны крычалі: «Налева!» Каб не разбіць плыты, яны мелі зварочваць у левае русла каля вострава. Часам плыты разбіваліся. А нашыя мужчыны лавілі баграмі тыя бярвёны ды цягалі на бераг. Куханька наша з іх збудаваная.

Рускія

«Мы рускія», – так заўжды казалі. Ніколі не чула, каб казалі пра сябе: «Мы стараабрадцы» ці «Мы стараверы». А мясцовыя называлі нас кацапамі, мы іх пшэкамі. Так было. Сына майго раз у школе жыдам назвалі. А хто назваў? Ён жа сам жыд!

Праца

Працавітыя былі. Майго дзядзьку, Арсенія Піліпавіча, увесь час адпраўлялі на ўборку ў Казахстан. Яго менавіта. Калі мой дзядзька сышоў з вінзаводу, дзе працаваў, на яго месца паставілі два чалавекі – адзін не даваў рады. А на працу ён пешкі хадзіў, уяўляеце? Да гораду. Калі нехта падвесці хацеў, дык ён казаў – я сабе час разлічыў, чаго я раней прыеду ды сядзець там буду?

Песеннікі

Вельмі добра спявалі, шмат было «песеннікаў». Бацька мой, казак, які не спяваў і не танчыў, калі сюды прыйшоў троху збянтэжыў усіх… А вось прыклад з жыцця: калі дзед вяртаўся з Казахстану, ведаеце, хто што прывозіў з падарожжа, а ён – песняў новых! І спявалі цэлымі вечарамі. І мама, і цёця, усе добра спявалі.

Радаўніца

Зараз нехта з нашых паехаў у Саратаў, нехта ў Польшчу, нехта ў Прыбалтыцы жыве. З гарадзенскіх я, хіба, найстарэйшая. Мы сустракаемся на Радаўніцу, бацюшка з царквы ў Зарыцы, ходзіць асвячаць могілкі, нічога страшнага, што стараверы. Прыйдзе, пасвеціць, пагутарым, за сталом пасядзім. На гэтую Радаўніцу, як жывыя будзем, таксама сустрэнемся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?