Фото ТАСС

Фото ТАСС

Мінэнерга РФ не задаволена тым, як Беларусь выконвае свае абавязацельствы па пастаўках бензіну ў Расію і прапанавала ўраду прыняць меры ў адказ. Пра гэта заявіў 29 студзеня журналістам намеснік міністра энергетыкі Анатоль Яноўскі.

Як паведамлялася раней, Беларусь спыніла пастаўкі бензіну на расійскі рынак з-за занадта нізкага яго кошту.

Апошнія пастаўкі расійскім трэйдарам былі ажыццёўлены ў пачатку студзеня. Іх аб'ём склаў 239 тон, гэта ўсяго 0,2% ад паставак у студзені 2015 года (101,6 тыс. тон). Звычайна доля беларускага бензіну на расійскім рынку складае 3—5%.

«Мы, вядома, не задаволеныя, што яны не выконваюць свае абавязацельствы. Натуральна, мы дакладваем ва ўрад аб гэтай сітуацыі, у тым ліку і аб магчымых захадах, якія мы можам зрабіць са свайго боку, якія б заахвоцілі нашых партнёраў выконваць узятыя на сябе абавязацельствы», — цытуе расійскага чыноўніка ТАСС.

Так Яноўскі адрэагаваў на заяву віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі пра тое, што па дамове, падпісанай 29 мая 2014 года, пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію ажыццяўляюцца да таго часу, пакуль цана іх рэалізацыі, зыходзячы з прынцыпу зваротнага адліку, будзе не ніжэйшай за еўрапейскую. «Гэта значыць, мы маем права не пастаўляць тавар на расійскія біржы, калі для нашых заводаў гэтыя пастаўкі будуць стратнымі», — заявіў Сямашка ў інтэрв'ю дзяржаўнаму агенцтву БелТА 28 студзеня ў Гомелі, дзе ён удзельнічаў у пасяджэнні Гомельскага аблвыканкама.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, кошт нафты, якая пастаўляецца на беларускія заводы, адрозніваецца ад ўнутрырасійскага, у якім ужо закладзены пэўны прыбытак для пастаўшчыкоў. Калі, напрыклад, у Расіі вертыкальна інтэграваныя нафтавыя кампаніі маюць уласныя нафтаперапрацоўчыя заводы, то на гэтыя заводы нафта ідзе па больш нізкай цане, паведаміў віцэ-прэм'ер. «Для нас жа формула цэнаўтварэння зусім іншая. Таму ў канчатковым выніку ў нас сабекошт атрымліваецца нашмат вышэйшы. Напрыклад, ААТ «Нафтан» у 2015 годзе атрымала прыбытак на тоне перапрацаванай нафты ў памеры ўсяго толькі 0,6 долара», — патлумачыў Сямашка.

Паводле яго слоў, цяпер розніца ў кошце бензіну, які пастаўляецца ў Расію і ЕС, складае ад 80 да 100 долараў.

«Мы не можам пастаўляць бензін са стратамі. Гэта будзе злачынства, калі мы прымусім нашы нафтаперапрацоўчыя заводы аддаваць сваю прадукцыю па цане ніжэйшай за сабекошт», — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Пры гэтым Сямашка адзначыў, што РФ дакладна выконвае ўсе абавязацельствы па пастаўках нафты. «Мы ўдзячныя таксама за тое, што гэтыя аб'ёмы, згодна з балансам нафты і нафтапрадуктаў, у 2016 годзе павялічаны на 1 млн. тон. У адпаведнасці з балансам мы са свайго боку абавязаліся паставіць у Расію 1 млн. тон аўтамабільнага паліва. Ад гэтага абавязацельства не адмаўляемся, аднак, яшчэ раз паўтаруся, нафтапрадукты будуць пастаўляць па той цане, якая, пры ўмове захавання прынцыпу зваротнага падліку, будзе супастаўная з коштамі і на іншых рынках», — канстатаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?