Партыя БНФ прыняла рашэнне пакуль не ўваходзіць у аргкамітэт па правядзенні кангрэса дэмакратычных сіл. Адпаведнае рашэнне прынялі члены сойма арганізацыі на пасяджэнні 30 студзеня ў Мінску. Акрамя таго, у папярэдні спіс кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах ад Партыі БНФ уключана 55 чалавек (старшыня партыі Аляксей Янукевіч сказаў, што гэты спіс не канчатковы і ў ім могуць з'явіцца новыя імёны).

«На сёння ў членаў сойма існуюць асцярогі наконт яснасці ідэйнага зместу кангрэса, а таксама таго, што заяўленыя мэты могуць быць дасягнуты ў фармаце, у якім плануецца яго правядзенне», — растлумачыў БелаПАН рашэнне сойма старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Нагадаем, правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала 17 снежня група вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. Зараз апроч названых палітыкаў у склад аргкамітэта ўваходзяць Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Янукевіч адзначыў, што партыя вітае саму ініцыятыву прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, накіраваную на кансалідацыю дэмакратычных сіл.

Аднак, адзначыў ён, на думку Партыі БНФ, першачарговай задачай павінна стаць «фарміраванне яснай ідэйнай платформы, на аснове якой такая кансалідацыя адбываецца». «У якасці такой асновы мы бачым віленскі мемарандум Рады БНР», — падкрэсліў палітык.

Мемарандум апазіцыі «Аб мерах па забеспячэнні незалежнасці Беларусі» быў прыняты ў Вільні 3 лістапада на сустрэчы лідараў апазіцыйных партый і НДА са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. На сёння дакумент падпісалі прадстаўнікі 14 апазіцыйных партый і арганізацый. Сутнасць мемарандума заключаецца ў каардынацыі дзейнасці ўсіх апазіцыйных палітычных і грамадскіх структур унутры Беларусі і за мяжой з мэтай вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, спынення палітычных рэпрэсій у краіне, забеспячэння свабоды СМІ, «дэмантажу рэпрэсіўнага апарату» і, як вынік, «правядзення свабодных выбараў».

Сойм Партыі БНФ даручыў кіраўніцтву арганізацыі ў найбліжэйшы час на аснове мемарандума распрацаваць праект платформы і пачаць кансультацыі з аргкамітэтам, каб яго палажэнні былі пакладзены ў аснову парадку дня мерапрыемства.

«Калі будзе рашэнне аргкамітэта, што гэтыя прынцыпы могуць быць ключавымі, то на наступным пасяджэнні сойма мы можам разгледзець пытанне, каб дэлегаваць свайго прадстаўніка ў аргкамітэт і далучыцца да яго працы. Калі не, то мы гатовыя будзем прапанаваць нейкія іншыя фарматы, напрыклад, кангрэс беларускіх нацыяналістаў або народны сход, удзельнікі якога павінны будуць прадэклараваць цвёрдую падтрымку гэтым каштоўнасцям», — сказаў Янукевіч.

Пры гэтым палітык падкрэсліў, што гэта не будзе яшчэ адзін кангрэс. «Мы ў прынцыпе гатовыя шукаць розныя магчымыя формы кансалідацыі на падмурку абароны незалежнасці. На сёння я ўдзячны, што Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў знайшлі магчымасць прыйсці і выступіць на сойме. Яны таксама казалі, што прапанова кангрэса — гэта адна з магчымых формаў кансалідацыі апазіцыі. І калі будуць прапановы з боку Партыі БНФ, яны гатовыя іх разгледзець. Таму мы шукаем шляхі, як больш эфектыўна дасягнуць кансалідацыі па ключавых пытаннях абароны незалежнасці», — сказаў Янукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?