Урад Ізраіля зацвердзіў план стварэння ля Сцяны плачу ў Ерусаліме асобнага месца, дзе мужчыны і жанчыны змогуць маліцца разам, паведамляюць інфармагенцтвы.

begthelord.com

begthelord.com

Згодна з традыцыяй, Сцяна плачу, дзе правілы паводзін дыктуюць прадстаўнікі артадаксальнага кірунку, падзеленая на мужчынскую і жаночую часткі. Прычым жанчынам тут пад пагрозай арышту забаронена падчас малітваў чытаць услых скруткі Торы, выкарыстоўваць рытуальнае покрыва «таліт» ці трубіць у рог «шофар».

Зараз да мужчынскай і жаночай часткі дадасца трэці ўчастак змешанага тыпу, дзе змогуць маліцца неартадаксальныя габрэі абодвух палоў. Пытанне пра гэта асабліва хвалюе амерыканскую габрэйскую супольнасць, якая займае больш ліберальныя пазіцыі, чым артадаксальныя габрэі ў Ізраілі. За лібералізацыю парадкаў выступаюць паслядоўнікі кансерватыўнага і рэфармісцкага юдаізму, якія складаюць большасць у багатых і ўплывовых габрэйскіх грамадах Амерыкі і Еўропы.

Згодна з новаўвядзеннямі, змяшаная секцыя атрымае неабходны рыштунак — рэлігійныя кнігі, пакрывалы, скруткі Торы і іншыя прадметы, неабходныя для малітвы. Змяшаная секцыя будзе знаходзіцца пад упраўленнем прадстаўнікоў ліберальных плыняў юдаізму і актывістак руху «Жанчыны сцяны», які ачоліў барацьбу за рэлігійную эмансіпацыю.

Гэта рашэнне ізраільскага ўрада выклікала неадназначную рэакцыю. Некаторыя выступаюць катэгарычна супраць, а, напрыклад, кіраўнік Габрэйскіх федэрацый Паўночнай Амерыкі Джэры Сільверман сказаў, што гэтае рашэнне — «залог таго, што Ізраіль — дзяржава для ўсіх габрэяў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?