Суд Светлагорскага раёна вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхара, ад якога зацяжарыла 14-гадовая школьніца. Яго прызналі вінаватым у палавых зносінах з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту.

Мужчыну прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады. Бліжэйшыя некалькі гадоў ён правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Хоць першапачаткова будучы бацька збіраўся ажаніцца з дзяўчынай. Увогуле, мужчыну характарызуюць станоўча — не судзімы, не п'е, ёсць дом, машына, спраўна плаціць аліменты на дзіця ад першага шлюбу. Але гэта не пазбавіла яго ад адказнасці.

Паводле інфармацыі tut.by, зусім па-іншаму характарызуюць сям’ю той школьніцы. Яе старэйшыя брат і сястра — у турме. Бацьку забілі яшчэ ў 2008 годзе. Маці большую частку свайго жыцця прысвяціла алкаголю. Пару гадоў таму яе пазбаўлялі бацькоўскіх правоў, дачку тады афармлялі ў прытулак. Аднак потым жанчына закадзіравалася, навяла парадак у хаце і вярнула дачку. Праўда, пасля гэтага, са слоў суседзяў, жыццёвы ўклад сям'і мала змяніўся. Маці працягвала папіваць, а пакінутая без увагі дзяўчынка - жыць сваім жыццём.

Дзяўчынка павінна нарадзіць праз два месяцы. Яна непаўнагадовая, таму дзіця перададуць яе законнаму прадстаўніку, то бок яе маці. Улічваючы мінулае будучай бабулі, спецыялісты камісіі па справах непаўналетніх маюць намер больш пільна сачыць за сітуацыяй у сям'і.

Бацька ж пабачыць дзіця толькі праз тры гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0