kommersant.ru

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з кіраўніком кіеўскага прадстаўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Эберта Штэфанам Мойзерам і паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Дэтмарам. Паводле дадзеных прэс-службы МЗС, суразмоўцы абмеркавалі «актуальныя пытанні беларуска-германскіх адносінаў».

Адзначым, што ў Беларусі няпростая гісторыя ўзаемаадносін з гэтым нямецкім фондам. Упершыню яго прадстаўніцтва адкрылася ў Мінску ў 1997 годзе. Яно займалася падтрыманнем кантактаў з дзяржаўнымі ўстановамі, НДА, правядзеннем адукацыйных семінараў для моладзі, прафсаюзаў, прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання, журналістаў, транспартнікаў і г.д. Доўгі час фонд Эберта быў адзіным замежным палітычным фондам, які легальна працаваў у Беларусі.

У 2006 годзе беларускае прадстаўніцтва фонду звярнулася ў МЗС просьбай аб працягу дазволу на працу ў Беларусі, бо стары дазвол скончыўся. Яго фонд Эберта тады не атрымаў і ў красавіку 2008 года заявіў аб згортванні працы ў Беларусі. Паўгадавыя перамовы з Мінскам скончыліся паспяхова, і дазвол фонду выдалі ў лістападзе таго ж года.

З тых часоў гэты дазвол прадаўжаўся раз у год, пакуль у снежні 2011 года, на хвалі пагаршэння адносін Беларусі з ЕС, фонд не атрымаў адмову. Як растлумачыў прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных, такое рашэнне было прынята ў сувязі з тым, што дзейнасць фонду Эберта «не ў поўнай меры адпавядае крытэрам канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнага кіравання Беларусі». Акрамя таго, заявіў Савіных, на гэтае рашэнне паўплывала «рэзкая радыкалізацыя пазіцыі Германіі ў дачыненні да Беларусі».

З тых часоў, выкананне функцый прадстаўніцтва ў Беларусі было перададзена прадстаўніцтву фонду Эберта ва Украіне. Кіраўнік менавіта гэтага прадстаўніцтва Штэфан Мойзер сёння правёў сустрэчу з Уладзімірам Макеем.

Улічваючы новую нармалізацыю адносін Беларусі з ЕС, не выключана, што бакі абмяркоўвалі аднаўленне працы фонду ў Беларусі.

Фонд Фрыдрыха Эберта з'яўляецца адным з найстарэйшых нямецкіх палітычных фондаў, блізкім да Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю. Ён быў заснаваны ў 1925 годзе і названы ў гонар першага ў гісторыі Германіі дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы. Прадстаўніцтвы фонду працуюць больш чым у 100 краінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?