Сведкі Іеговы ў Беларусі лічаць прэтэнзіі, што ўзніклі з боку ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, непаразуменнем, заявіў старшыня гэтага рэлігійнага аб'яднання Павел Ядлоўскі.

На калегіі апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, якая адбылася 2 лютага ў Мінску, Гуляка заявіў аб шэрагу парушэнняў заканадаўства, дапушчаных сведкамі Іеговы ў 2015 годзе. У прыватнасці, гаворка ішла аб распаўсюджванні рэлігійнай літаратуры без належнага ўзгаднення з мясцовымі ўладамі, а таксама аб пэўнай незадаволенасці некаторых грамадзян «настойлівымі і неправамернымі дзеяннямі» членаў суполак аб'яднання. Гуляка не выключыў, што «сумесна з выканкамамі будуць прыняты канкрэтныя захады па зняцці з рэгістрацыі некаторых суполак сведак Іеговы».

«Мы не зусім разумеем, пра якія парушэнні ідзе гаворка, мы будзем рады, калі апарат упаўнаважанага або аблвыканкамы пададуць нам інфармацыю аб канкрэтных праблемах або парушэннях, — сказаў Ядлоўскі. — Што тычыцца пытанняў распаўсюджвання матэрыялаў, то ўся літаратура праходзіць рэлiгiязнаўчую экспертызу. Мы як аб'яднанне даем яе [на аналіз]. У цэлым яна карысная для нашай дзяржавы і грамадства, там шмат карысных артыкулаў».

Беларускае заканадаўства, паводле яго слоў, «не забараняе грамадзянам распаўсюджваць асабіста сваю літаратуру ў любым месцы». З іншага боку, як юрыдычная асоба рэлігійнае аб'яднанне распаўсюджвае толькі тую літаратуру, якую ў яго заказваюць самі члены суполак.

«У цэлым сведкі Іеговы — гэта законапаслухмяныя грамадзяне. Мне здаецца, па большай частцы адбылося нейкае непаразуменне, і калі ў прадстаўнікоў улады ёсць да нас пытанні, то мы гатовыя да адкрытага дыялогу», — заявіў Ядлоўскі.

У канцы гэтага тыдня кіраўнік сведак Іеговы ў Беларусі мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, каб абмеркаваць ўзніклыя пытанні.

Аб'яднанне сведак Іеговы было зарэгістравана ў Беларусі ў 1994 годзе. На чэрвень 2012 года ў краіне налічвалася звыш 5 тыс. актыўных вернікаў у 67 суполках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?