Разгляд суправы пройдзе ў Вярхоўным судзе. Судовы працэс будзе адкрытым.
Нагадаем, па справе Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі ў жніўні 2014 года былі ўзятыя пад варту сем чалавек: гендырэктар Ганна Шарэйка, чатыры члены конкурснай камісіі і два кампаньёны-пастаўшчыкі.
Крымінальная справа ў дачыненні да шэрагу службовых асоб ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» па фактах злоўжывання імі службовымі паўнамоцтвамі была распачатая Генеральнай пракуратурай у чэрвені 2014 года. Устаноўлена, што яны на працягу некалькіх гадоў, будучы ў складзе конкурснай камісіі, прымалі рашэнні аб закупках кармоў і кармавых дабавак у замежнай камерцыйнай структуры па завышаных цэнах, што пацягнула прычыненне птушкафабрыцы ўрону ў суме большай за 4 млрд. рублёў, што з'яўляецца асабліва буйным памерам.
Паводле звестак Генпракуратуры, менавіта гендырэктар давала незаконныя ўказанні членам конкурснай камісіі аб прызнанні пераможцам адной з замежных кампаній, з уладальнікам якой знаходзілася ў сяброўскіх адносінах.
У сувязі з тым, што Шарэйка з'яўляецца членам Савета Рэспублікі, генеральным пракурорам на падставе заканадаўства ў верхнюю палату было накіраванае прадстаўленне аб дачы згоды на ажыццяўленне яе крымінальнага пераследу. Такая згода была атрыманая 14 жніўня, і ў гэты ж дзень Шарэйка была прызнаная падазронай ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). З санкцыі Генеральнай пракуратуры 15 жніўня ў дачыненні да Шарэйкі была прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Устаноўлена, што ў выніку незаконных дзеянняў Шарэйка ў кароткія тэрміны пабудавала дарагі катэдж плошчай 240 кв. метраў, набыла дарагую бытавую і электронную тэхніку, забяспечыла сабе матэрыяльны дабрабыт у будучыні, паведамляла паўтара года таму Генпракуратура.
У эфіры тэлеканала АНТ 9 снежня старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў: «З пункту гледжання следства, віна сенатара даказаная».