Ці ўмее яшчэ хто адрозніць паляндвіцу ад каркавіны? А чым кумпяк адрозніваецца ад шынкі? Кожны добры кухар — ці то ў рэстарацыі, ці то ў хаце — павінен, відаць, знацца на скароміне і яе назвах.

Іншы раз вельмі прыкра есці рознае смакоцце і ўсведамляць сабе, што ты нібыта анямеў, бо ўжо не можаш гэтага назваць, як маглі яшчэ зусім нядаўна назваць твае родныя і Дзяды.

Ад пачатку станаўлення беларускай літаратурнай мовы многа наракаюць на неразвітасць беларускай навуковай тэрміналогіі. Вядуцца зацятыя спрэчкі паміж прыхільнікамі пазычаць і пурыстамі, як павінна выглядаць такая тэрміналогія. Відаць, кожная мова мае дастаткова сродкаў, каб выразіць кожнае значэнне — ад звычайнага побытавага да найбольш абстрактнага філасофскага, — але гэта не заўсёды істотна, калі мы хочам проста гаварыць.

На маю думку, не варта наракаць, што не распрацаваная яшчэ беларуская тэрміналогія квантавай фізікі ці вышэйшай матэматыкі. І не толькі таму, што матэматычная тэрміналогія якраз добра распрацаваная (а мо і фізічная таксама), а яшчэ і таму, што ці так ці гэтак — матэматыка ды фізіка часцей за ўсё блукаюцца па загуменнях мовы ды не маюць вялікага ўплыву на яе жыццё.

Што ж для мовы асабліва важна — дык гэта тэрміналогія простага шчасця людскога, простых рэчаў, з’яваў і паняццяў. Важныя якраз вось гэтыя нашыя шынкі, яйкі, гатункі мукі і малака. І тут беларуская мова заўсёды ўважалася за найбольш багатую і распрацаваную мову нашага цывілізацыйнага кола. Гляньце адно, колькі розных адценняў мае лексіка традыцыйнага побыту, рамяства, каморніцтва, веры ды прымхаў…

Таму прыкра назіраць, што пакуль мы галасілі па квантавай фізіцы, шашаль пачаў сточваць сам асяродак мовы — нашае штодзённае жыццё з яго праўдай і крыўдай, дабром і ліхам. Нам усё цяжэй называць простыя словы і рэчы.

Так і нашыя кумпякі і шынкі. Мусіць жа ж, сумна робіцца і шчыміць сэрца, калі прыходзіш на рынак у скароміну, а там спрэс «філеечкі», «выразкі» і «заднія часці». Іншы раз галасіць хочацца, бо так сэрца баліць за паляндвіцу. 

Успамінаецца, як парсючка білі да Каляд, каб на свята мець паласавацца скаромінай (скаромінай або скорамам па-беларуску называюцца ўсякія мясныя вырабы).

А якое мяса вы любіце? Сытае, тлустае ці худое? Худое — гэта тое, што на Беларусі называюць яшчэ любівым або любовым. Але гэты тэрмін ў залежнасці ад рэгіёну можа мець крыху розныя значэнне.

Наша паляндвіца — гэта, відаць, у кожным разе любівае мяса. Яно не мае прорасці сала і добра ідзе на біткі.

Добрае мяса таксама — з кумпяка. Кумпяк інакш называюць сцягном.

Прыгатаваны, засолены або вэнджаны кумпяк часта называецца шынкай. Шынкай іншы раз называюць і лапатку.

Добрае, дарагое, тлустае мяса з карку называюць каркавінай.

Ёсць яшчэ сцягняк або агузак. Таксама добры на шынку.

Галёнкі дзе-нідзе на Беларусі называюць рулькамі. Хоць гэтае слова і не зафіксавана ў тлумачальным слоўніку, але варта пра яго напомніць, бо людзі з нашай крывіцкай поўначы яго любяць.

Бекон, грудзінку без косткі па-беларуску яшчэ называюць падчарэўем або падпуззем. 

Сала з мясной, любівай перарослінкай называюць яшчэ любавізнай.

Рыгор Барадулін дае такі прыклад.

Любавейшага сала адрэж, самай любавізны. Адна любавізна папалася.  («Вушацкі славазбор»)

Сала бывае з бакоў (бакавіны) і са спіны (хрыбціна). Бывае таксама шчакавіна. Гэта таксама сала з прорасцю мяса.

Кожны ведае, што такое скваркі.

Тлушч са скварак называюць таксама тукам, лоем (звычайна, з авечкі) або проста тлушчам ці тлустасцю. Калі заскварыць або затаўчы поліўку, то на яе паверхні плаваюць скалкі або свечкі — плямкі тлушчу.

Бывае яшчэ здор. Здор — гэта нутраное сала.

Не забудзем пра галавізну. Дзе-нідзе галавізну дадаюць да куцці ў Шчодры Вечар. Яшчэ часта з вокам. Таму гэта калядная страва.

У каторай мясціне калядную функцыю мае таксама хвост.

Хваставіна або сцягняк іншы раз нават так і называецца — каляднік.

З хваста і ножак добра рабіць дрыгву, студзень, халоднае або, як кажуць іншы раз на Панямонні, квашаніну.

А яшчэ ёсць трыбухі, кіндзюкі або каўбы, з якіх робяць каўбасы, крывянкі, вантрабянкі, кішку і г. д.

Вось мы з вамі і паспрабавалі (як маглі ды ўмелі) успомніць вось гэту дзяльбу кабанчыка. Калі каму баліць сэрца за нашу мову — то перш за ўсё трэба, відаць, прыпамінаць якраз гэтыя простыя словы і рэчы, ужываць іх заўсёды і ўсюды. Балазе, яны ўвесь час з намі, адно толькі ўсё часцей неназваныя.

Называйма іх смачна, па-нашаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?