Канферэнцыя прайшла 26 студзеня на базе Вышэйшай школы эканомікі — ліберальнай маскоўскай ВНУ. Сустрэчу зладзіў палітолаг Андрэй Суздальцаў, які ў 2006 годзе быў дэпартаваны з Беларусі праз тое, што «ўяўляў пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны».

У Маскву было запрошана дастаткова шмат беларускіх палітыкаў (Караткевіч, Карач, Калякін, Ярашук), затое не прыйшоў ніхто з беларускіх дыпламатаў. Хоць запрашэнні дасылаліся Паўлу Лёгкаму — былому кіраўніку прэс-службы Лукашэнкі, а сёння дарадцу-пасланніку пры пасольстве Беларусі ў Маскве. Не адгукнуліся і праўладныя палітолагі, напрыклад Сяргей Кізіма, а таксама член савета рэспублікі Юрый Сянько.

Затое было дастаткова шмат прадстаўнікоў расійскіх структур, хоць і не верхніх эшалонаў. Былі прадстаўнікі крамлёўскай адміністрацыі, а таксама спецслужбаў. Хоць гэтыя людзі і не выступалі ў якасці прамоўцаў, а былі слухачамі.

З высокіх выступоўцаў быў толькі намеснік міністра фінансаў Расіі Сяргей Старчак. У сваім слове ён адзначыў, што супрацоўніцтва з беларускім бокам яго задавальняе, ніякіх прэтэнзій ён выказаць не можа.

З пэўнай агаворкай да прадстаўнікоў расійскай улады можна аднесці Алега Неменскага — супрацоўніка Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў. РІСД — гэта аналаг беларускага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, у яго абавязкі ўваходзіць інфармацыйнае забеспячэнне Адміністрацыі прэзідэнта РФ, Савета Федэрацыі, Дзяржаўнай Думы. Неменскі лічыцца расійскім спецыялістам па Беларусі і Украіне.

Якраз з вуснаў Неменскага гучала, што ў Беларусі ўзрастаюць антырасійскія настроі, а ўлада разварочваецца ў бок Захаду. Неменскі шкадаваў, што Расія «не ўкладвае грошай» у апрацоўку беларускай моладзі. А пагаршэнне адносін, на думку Неменскага, адбываецца праз віну расійскага боку, які «занадта спакойна ставіцца да выбрыкаў кіраўніка Беларусі». Прыкладна ў такім самым духу гаварыў аглядальнік «Россіі сегодня» Расціслаў Ішчанка.

«Мне гэта нагадвала, як Жуль Верн мог таленавіта апісваць флору і фаўну краін, якія ніколі не наведваў, — дзеліцца ўражаннямі беларускі палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Гэтаксама і гэтыя «мазгаведы» маюць пра Беларусь дастаткова апасродкаванае ўяўленне».

Па словах Якаўлеўскага, падобная канферэнцыя магла адбыцца толькі ў Маскве, бо многія расійскія эксперты проста баяцца ехаць у Беларусь пасля выпадку з менеджарам «Уралкалія» Уладзіславам Баўмгертнерам.

Па сканчэнні канферэнцыі яе арганізатар Андрэй Суздальцаў на сайце politoboz.com надрукаваў камюніке з кароткімі высновамі. Беларусь адыходзіць ад саюза з Расіяй — такі яго лейтматыў. Адзначаецца, што ў часткі беларускага грамадства ўзрастаюць антырасійскія настроі, на дзяржпрацу не бяруць людзей, што атрымалі адукацыю ў Расіі альбо маюць сімпатыі да гэтай краіны (хоць на самай справе ўсе вярхі беларускага войска — выпускнікі Акадэміі Генштаба Расіі). Асабліва звяртае ўвагу, што паміж Беларуссю і Расіяй «узнік невырашальны пры сённяшнім беларускім кіраўніцтве крызіс даверу». Узнікае пытанне: гэта ўсё ж прыватная думка аўтараў ці прамацванне глебы?

Сярод удзельнікаў канферэнцыі быў Юрый Баранчык, чый сайт Imperiya.by у 2014 годзе публікаваў інструкцыі для баевікоў Усходняй Украіны.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі быў Юрый Баранчык, чый сайт Imperiya.by у 2014 годзе публікаваў інструкцыі для баевікоў Усходняй Украіны.

«Высновы выніковага камюніке, падрыхтаванага калектывам арганізатараў канферэнцыі на аснове аналізу выступленняў дакладчыкаў мерапрыемства, могуць часткова не супадаць з меркаваннямі ўдзельнікаў канферэнцыі», — адзначаецца пры канцы.

Фактычна ж выходзіць, што пад такімі высновамі падпісалі ўсіх удзельнікаў канферэнцыі.

Што тычыцца нейкіх бытавых умоў, то нічога асаблівага ў Маскве не было. Удзельнікі прыязджалі роўна на адзін дзень, без начоўкі. Ікры і іншых далікатэсаў удзельнікам не прапаноўвалі, як гэта бывала ў сытыя гады. Нават гарэлку «Байкал» на вячэру даводзілася купляць за свае грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?