Гучны розгалас атрымаў дзікі выпадак у мінскім судзе, калі амапаўцы збілі трох чалавек, сярод якіх быў і журналіст.

Пасля гэтага пачалі з’яўляцца і іншыя гісторыі пра зверствы АМАПа ад іншых людзей. Адметна, што да выпадку ў Фрунзенскім судзе пацярпелыя маўчалі. І сярод гэтых «новых старых» гісторый найбольш вылучаецца здарэнне са студэнтам Акадэміі музыкі Кастусём Ахроменкам.

Хлопец расказаў пра яго на відэа.

На кадрах хлопец сядзіць на ложку, побач відаць мыліцы, Кастусь курыць і расказвае.

«Я артыст, іграю ў гурце «Дзеці падзямелля», — кажа студэнт, — 20 снежня пасля канцэрта я разам з сябрам пайшоў у кафетэрый на вакзал, выпіць піва і адагрэцца. Але неўзабаве да нас падышлі амапаўцы, якіх зацікавіла пляшка гарэлкі побач. Яна была не наша».

Далей, паводле Кастуся, амапаўцы пачулі беларускую мову і праз гэта пачалі зневажаць хлопцаў, патрабуючы ад іх размаўляць па-руску. У выніку двое сяброў апынуліся ў пастарунку, дзе адзін з амапаўцаў параіў Кастусю «засунуць свой беларусскій язык в ж.пу».

Хлопец, па ягоных словах, не вытрымаў і плюнуў міліцыянту ў твар, за што яго па-зверску, да непрытомнасці збілі, зламалі нагу і нос. І яшчэ далі штраф за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

Так выглядаў Кастусь Ахроменка ў наручніках у аддзяленні. Фота зробленае ягоным сябрам.

Так выглядаў Кастусь Ахроменка ў наручніках у аддзяленні. Фота зробленае ягоным сябрам.

Гэтая гісторыя набрала масу каментароў у інтэрнэце, стала адной з самых чытаных на сайце.

Але ці было ўсё насамрэч так, як апісвае Кастусь? Каб вось так за беларускую мову збівалі і затрымлівалі ў Беларусі? Мы датэлефанаваліся да Кастуся і пагаварылі з ім яшчэ раз.

«Адразу пасля канцэрта мы выпілі дзесьці па літры-паўтара піва», — прызнаўся хлопец.

Таксама высветлілася, што ягоны сябра «быў трохі п’яны», а паводзілі яны сябе не зусім адпаведна сітуацыі.

«Ну так, праз столькі дзён я пераасэнсаваў тыя падзеі, і мне здаецца, што не трэ' было да іх так агрэсіўна ставіцца», — сказаў «Нашай Ніве» Кастусь.

Шмат каго засмуціла неадпаведнасць даты на даведцы (12 снежня) што паказвае Кастусь на відэа, і даты збіцця (20 снежня). Як так атрымалася? Хлопец сказаў нам, што гэта памылка таго, хто мантаваў відэа, бо гэтая паперка насамрэч не мае дачынення да здарэння. 

Шмат каго засмуціла неадпаведнасць даты на даведцы (12 снежня) што паказвае Кастусь на відэа, і даты збіцця (20 снежня). Як так атрымалася? Хлопец сказаў нам, што гэта памылка таго, хто мантаваў відэа, бо гэтая паперка насамрэч не мае дачынення да здарэння. 

Адметна, што пры затрыманні на хлопца накінулі кайданкі, а на ягонага сябра — не. Таксама ягоны сябра не пацярпеў, яго ніхто не біў, хоць той таксама размаўляе па-беларуску.

А даведкі аб пабоях у Кастуся няма, бо, маўляў, «не далі». Тая даведка, якую ён паказвае на відэа, была іншая, выпадковая.

Варта таксама дадаць, што на сваёй старонцы «Укантакце» хлопец яшчэ 1 верасня выклаў уласны фотаздымак на фоне абрэвіятуры А.С.А.В, што з англійскай мовы перакладаецца як «Усе мянты — гады».

Фота са старонкі Кастуся «Укантакце»

Фота са старонкі Кастуся «Укантакце»

Ці мог канфлікт адбыцца не праз мову, а праз ягонае агрэсіўнае стаўленне да людзей у форме?

Сваё фота на фоне надпісу А.С.А.В. хлопец уцямна патлумачыць не здолеў.

«Я ездзіў летась у Паднёвую Еўропу на гастролі і ўбачыў гэты надпіс. Проста прыемныя ўспаміны ў мяне з ім звязаныя», — сказаў Кастусь і падкрэсліў, што нашую міліцыю «асабліва не паважае».

У той жа час, кажа ён, «яны ж людзі, таксама беларусы, і я, як нацыяналіст, павінен любіць іх, як люблю ўсіх астатніх. Яны частка нашай нацыі, але яны паддаюцца асіміляцыі, яны будуць пры любой уладзе. І нават калі да ўлады прыйдзе апазіцыя, то знойдуцца такія ж іншыя. Я зразумеў, што асноўная маса народу тупая — ім бы пажраць і паспаць», — так выказаўся Кастусь.

Пасля збіцця Кастусь напісаў заяву ў Следчы камітэт са скаргай на супрацьпраўныя дзеянні амапаўцаў.

Але ў аўторак яму прыйшоў адказ, што крымінальную справу Следчы камітэт не завядзе «праз адсутнасць складу злачынства».

У Следчым камітэце гэтую справу нам каментаваць адмовіліся.

«Гэта настолькі ўсё палітызавана, што я не буду нічога казаць. Не буду займаць ніякіх пазіцый, надта шмат палітыкі. Але калі нам паступае заява, то мы заўсёды разглядаем яе згодна з Крымінальным кодэксам», — сказала прэс-афіцэрка СК Юлія Ганчарова.

У мінскай жа міліцыі нас запэўнівалі, што ніхто хлопца не біў, але таксама адказ атрымаўся двухсэнсоўным.

«Магу вам сказаць, што яго не збівалі, як ён тое апісвае. Ды яшчэ за беларускую мову. Такога не бывае. Але зноў жа, мяне там не было, не магу сказаць з 100% дакладнасцю», — сказаў прэс-афіцэр МУС Аляксандр Ластоўскі.

Складаецца ўражанне, што абодва бакі штосьці недагаворваюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?