Беларуска, Чалавек Сусвету, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Карэліі, сябра Саюза мастакоў Расіі, аўтар больш чым 150 артыкулаў, каталогаў, манаграфій. Пераехалі яны з сястрой Лідзіяй у Свіслач Пухавіцкага раёна ў 1989 г. з горада Кірава (Вяткі). Вярнуліся на Радзіму пасля 48 гадоў вандравання.

Але вернемся да пачатку. Нарадзілася Клаўдзія Паўлаўна 26 снежня 1926 у куточку раю на зямлі — у Рагачове.

Мама працавала ў гарадской сталоўцы кухаркай і была для маленькай дачушкі анёлам — купляла шматтомныя кнігі па гісторыі, вадзіла на ялінку ў сям’ю да больш заможнай каляжанкі. Там ёй таксама дарылі кнігі. Дзяўчынка расла вялікай кніжніцай.

Скончыўшы школу, паступіла на гістфак БДУ. Калі пачалася вайна, Клаўдзія разам са шматлікімі бежанцамі рушыла пехатой з Менска ў Рагачоў да мамы. І калі пагрукала ў дзверы, матка яе, схуднелую і змораную, ледзь пазнала.

Здабыўшы недзе каня, сям’я рушыла далей на ўсход. Эвакуявалі іх у Казахстан. Маці накіравалі працаваць у сталоўку (што і выратавала сям’ю ад голаду), а студэнтку-першакурсніцу Клаўдзію — настаўніцай малодшых класаў.

На ўсё жыццё Клаўдзія запомніла апортавыя сады каля Караганды (апорт — гэта такі духмяны казахскі яблык) і глыбокае начное неба з безліччу зорак.

Пасля вайны сям’я не стала вяртацца на папялішча. Лідзія, малодшая сястра Клаўдзіі, засталася жыць з маці ў глінянай казахскай мазанцы. Клаўдзія аднавілася на другі курс гістфака Ленінградскага ўніверсітэта.

Калі прымалі дакументы, паглядзелі на яе і прапанавалі факультэт гісторыі мастацтва. Не помнячы сябе ад шчасця, Клаўдзія стала займацца ўлюбёнай справай — вучыцца на мастацтвазнаўцу.

Яе любімым выкладчыкам быў Пунін — «бліскучы лектар, выбітны мастацкі крытык і тэарэтык мастацтва, які шчыра і бескампрамісна адстойваў каштоўнасці мастацтва» (са слоў самой Клаўдзіі). Ён і сказаў, што ў «Анісавай ёсць вока». Гэта была найвышэйшая ацэнка.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1949 г. маладога спецыяліста накіравалі ў Вяцкі мастацкі музей імя Васняцовых. На жаль, не трапіла яна на родную Беларусь, а стала чарговым каштоўным каменьчыкам культуры суседняй краіны…

Пахаваўшы ў Казахстане маму, да сястры ў Кіраў пераехала і сястра Лідзія. Аддана працуючы на ніве расейскай культуры, Клаўдзія адчувала тугу па сваім, родным, беларускім… Будучы паважанай у Кіраве, Клаўдзія разам з сястрой усё ж прымаюць рашэнне вярнуцца на Радзіму. Гэта 90-я гады, «новае неба над новай краінай». У гэту атмасферу і акунулася з уласцівай ёй апантанасцю Клаўдзія Паўлаўна.

За год-два яна па-новаму авалодала роднай мовай. Завязала ліставанне, а то і сяброўства, з Алесем Жамойціным, Міхалам Анемпадыставым, Генадзем Сагановічам, Генадзем Шэпелевым. Узяла да сябе вучняў са Свіслачы. І ўвесь час заставалася нястомнай кніжніцай. Апошняй у яе руках была кніга Марціна Хайдэгера «Час і бытнасць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?