Гомельскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Рэчыцы 3 лютага абвясціў прыгавор у дачыненні да заказчыка і выканаўцы забойства маладой жанчыны ў Рэчыцы.

Як паведаміла дзяржаўны абвінаваўца, прадстаўнік пракуратуры вобласці Вікторыя Яўсеенка, абвінавачваны ў арганізацыі забойства, муж ахвяры, прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі. Да такога ж тэрміна прыгавораны выканаўца забойства, толькі з канфіскацыяй маёмасці. Нагадаем, 21 студзеня дзяржаўнае абвінавачванне запытала для заказчыка і выканаўцы па 25 гадоў пазбаўлення волі (і канфіскацыю маёмасці — для выканаўцы злачынства).

Жыхар Рэчыцы 1969 года нараджэння абвінавачваўся ў арганізацыі забойства, а жыхар Рэчыцкага раёна 1965 года нараджэння непасрэдна здзейсніў злачынства.

34-гадовая маці дваіх дзяцей была забітая ў двары свайго прыватнага дома 16 красавіка 2015 года. Жанчына памерла ад вострай кровастраты, ёй былі нанесеныя 14 удараў нажом у вобласць шыі, грудной клеткі, унутраных органаў. У хуткім часе па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства быў затрыманы яе муж, а затым — выканаўца забойства.

Згодна з абвінавачаннем мужчына прыняў рашэнне забіць жонку ў 2014 годзе «з мэтай далейшага матэрыяльнага абагачэння і з мэтай завалодаць домам». (Чытайце: Жыхар Рэчыцы адмаўляе арганізацыю забойства жонкі за $5 тысяч, выканаўца — прызнаецца.)

Заказчык быў знаёмы з выканаўцам забойства каля 20 гадоў. Яны нават мелі сваяцкую сувязь: першы быў жанаты на сястры другога. Аднак пазней яны скасавалі шлюб, і мужчына ажаніўся другі раз. У 2014 годзе ён вырашыў забіць жонку і папрасіў былога сваяка дапамагчы яму ажыццявіць задуманае за 5 тыс. долараў.

Раніцай 16 красавіка выканаўца чакаў непадалёк ад дома ўмоўнага сігналу ад заказчыка: той, з`язджаючы на працу, святлом фар аўтамабіля даў знак. Абвінавачваны пачакаў, пакуль дачка жанчыны пойдзе ў школу, і пракраўся ў двор. Пастукаў у акно, жанчына выйшла, ён назваўся працаўніком газавай службы, а затым накінуўся з нажом.

Характэрна, што выканаўца забойства працуе ў рытуальнай канторы і пазней прывёз сваякам цела забітай ім жа жанчыны.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны або апратэставаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?