Спецыялісты кафедры «Прамысловая электроніка» Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. Сухога і ААТ «Гомельтранснафта Дружба» распрацавалі ўнутрытрубны герметызатар для нафтаправодаў, які кіруецца з паверхні зямлі.

Агрэгат прызначаны для ўтрымання ціску слупа нафты ў трубе перад тым участкам трубы, на якім праводзяцца рамонтныя работы. Сістэма ўжо выкарыстоўваецца на нафтаправодзе «Дружба». Зараз афармляецца патэнт на вынаходства.

Распрацоўка вядзецца з 2009 года на замову ААТ «Гомельтранснафта Дружба». На той момант нафтавікі сваімі сіламі ўжо распрацавалі герметызатар у выглядзе механічнай запіраючай прылады, якая транспартавалася да месца правядзення рамонтных работ за кошт энергіі транспартаванай нафты, і там прыводзілася ў дзеянне значным павышэннем ціску ў трубе. Спецыялісты-электронікі ўніверсітэта заняліся распрацоўкай электронных і электрамеханічных прылад, якія б дазволілі пераўтварыць гэты механічны апарат у сучасную мехатронную сістэму з дыстанцыйным кіраваннем. «Да розуму» першую мадэль даводзілі ў лабараторыях універсітэта, а таксама на ўчастку рамонта і наладкі тэхналагічнага абсталявання ААТ «Гомельтранснафта Дружба», дзе пад кіраўніцтвам інжынера-механіка Уладзіміра Якаўца была збудавана спецыяльная выпрабавальная камера.

Першы эксплуатацыйны запуск адбыўся ў кастрычніку 2015 года. Агрэгат запусцілі ў падземную нафтатранспартную сістэму ў камеры пуска на нафтаперапампоўваючай станцыі «Гомель» ( вёска Бабовічы). За кошт энергіі траспартаванай нафты ён за 10 гадзін перамясціўся на адлегласць 65 км да месца правядзення работ, дзе быў запеленгаваны з паверхні камплектам наземнай апаратуры і атрымаў каманду на герметызацыю трубы. Не надта высокі ціск, які ў гэты момант атрымалася стварыць у нафтаправодзе (7 атмасфер), хоць і запусціў па камандзе з паверхні працэс герметызацыі, але не дазволіў гумовым ушчыльняльнікам герметызатара ўвайсці ў трывалае счапленне з унутранымі сценкамі трубы.

– Асаблівасцю распрацаванага герметызатара з’яўляецца тое, што ступень герметызацыі істотна залежыць ад ціску ў нафтаправодзе перад пускам працэса герметызацыі, – удакладніў дэталі загадчык кафедры «Прамысловая электроніка» Юрый Крышнёў.

У той раз праз слабы ціск у трубе не ўдалося дабіцца поўнай герметызацыі. Але нават у гэтых умовах ад месца будучага правядзення агнявых работ адпампавалі 44 кубаметры нафты, а не разліковыя 600, што можна лічыць станоўчым вынікам. Памяншэнне аб’ёма адпампаванай нафты пацягнула за сабой эканомію часу на яе адпампоўку і самога паліва – на працу прамысловай помпы. Гэта значыць, што ўжо пры першым запуску распрацоўка прынесла адчувальны эканамічны эфект. Па заканчэнні рамонтных работ герметызатар з плынню нафты дабраўся да нафтаперапампоўваючай станцыі «Мазыр», дзе быў выняты на паверхню.

Пасля гэтага сістэма прайшла планавую тэхнічную дыягностыку, і напачатку снежня 2015 года герметызатар здзейсніў ужо больш доўгае падарожжа. Запушчаны ў Мазыры, ён прайшоў 84 км да Турава, выканаў сваю задачу і праз тыдзень быў прыняты ў камеры прыёма ў Пінску Брэсцкай вобласці. На гэты раз ціск у нафтаправодзе перад запускам працэса герметызацыі складаў 30 атмасфер, і герметызацыя была стопрацэнтнай. Далейшую адлегласць ад Турава да Пінска герметызатар прайшоў фактычна ў рэжыме ачыстнога снарада, вычысціўшы сценкі трубы знутры. Пасля заканчэння гэтых аперацый механічная частка сістэмы праходзіць рэканструкцыю, у прыватнасці, ушчыльняльнікі будуць заменены на новыя.

– На пачатак вясны запланавана чарговае «пагружэнне», – падзяліўся планамі Юрый Крышнёў. – Зараз распрацоўваецца графік правядзення асноўных работ, якія будуць ажыццяўляцца ў тым ліку і герметызатарам. Мы карыстаемся гэтай паўзай у эксплуатацыйным графіку і ўдасканальваем электронныя модулі дзеля таго, каб яны з гонарам прайшлі будучыя запускі. Этап навуковых даследаванняў, звязаны са стварэннем спосабаў вызначэння каардынат і кіраваннем герметызатарам, пройдзены. Цяпер будзем укараняць унутрытрубны герметызатар у пастаянную эксплуатацыю на трубаправодным транспарце і ўдасканальваць сістэму, дадаючы ў яе розныя сэрвісныя элементы, у тым ліку – на ўзроўні стварэння адмысловай геаінфармацыйнай сістэмы для ўнутрытрубных прылад нафтаправода. У перспектыве яшчэ некалькі герметызатараў плануецца распрацаваць і зманціраваць для патрэбаў ААТ «Гомельтранснафта Дружба».

Ёсць у сістэмы і экспартны патэнцыял. Ужо праявілі цікавасць транспартнікі з Расійскай Федэрацыі і Казахстана, якія абслугоўваюць вельмі працяглыя нафтаправоды, а таксама нафтатранспартная арганізацыя з Чэхіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?