Суд Пружанскага раёна прызнаў былога дырэктара ААТ «Ружаны-Агра» вінаватым у хабарніцтве і прыгаварыў да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. 

«Былы дырэктар сельгаставарыства Васіль Харута прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, які склаў больш 25 тысяч даляраў ЗША, за станоўчае рашэнне пытання па набыцці ва ўласнасць ААТ «Ружаны-Агра» аб’екта нерухомасці, які належаў адной з камерцыйных структур, а таксама за рашэнне пытання аб аплаце паставак кармавых дабавак і ветпрэпаратаў камерцыйным структурам, — распавёў старшыня суда раёна Уладзімір Саўчук. Ён асуджаны па частках 2 і 3 арт.430 Крымінальнага кодэкса. Па ч.4 арт.210 КК (завалоданне маёмасцю службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў групай асоб па папярэдняй змове ў асабліва буйным памеры) яго апраўдалі па прычыне адсутнасці саставу злачынства».

Па паўторнасці злачынстваў былы дырэктар асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя гэтага, ён на пяць гадоў пазбаўлены права займацца кіраўніцкай дзейнасцю і займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

У кошт канфіскацыі маёмасці асуджанага звернуты спагнаныя ў яго грашовыя сумы: звыш за 232 тысяч даляраў ЗША, 9 тысяч еўра і 730 мільёнаў беларускіх рублёў.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?