Заклапочанасць з боку ўлады аб кан’юнктуры сярод каталіцкага духавенства ў нашай краіне ў пэўнай ступені можна зразумець – кожная дзяржава дзейнічае згодна са сваім палітычным перакананнем. Пра гэта заявіў у каментары карэспандэнту Krynica.info каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што «сёння гэты «клопат» выглядае ўсё ж такі дзіўна, бо зусім недалёка адышоў у мінулае той час, калі на дазвол уладаў паступіць ў духоўную Семінарыю кандыдат павінен быў чакаць ад пяці да пятнаццаці год». А папрок Каталіцкаму Касцёлу ў тым, што ён сёння недастаткова працуе ў кірунку падрыхтоўкі ўласнага духавенства біскуп назваў прынамсі беспадстаўным.

«Святарства – гэта не прафесія ў свецкім разуменні гэтага слова. Першым і асноўным матывам, каб стаць святаром, з’яўляецца пакліканне, на моцы слоў самога Хрыста: « Прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё» (Мц 9:38). І Касцёл заўсёды трывае ў гэтай малітве. Больш за тое, тэма паклікання падымаецца і на шматлікіх моладзевых сустрэчах. Іншая рэч — пазітыўны адказ чалавека на Божы заклік. Калі нават тым, хто вырашае звязаць свой лёс з медыцынай – а гэта, дарэчы, прафесія, якая побач з педагогікай і святарствам павінна мець у сваёй падставе ўсё тое ж пакліканне — сёння прапануецца не разлічваць на вялікія прывілеі, то тым больш спецыфіка святарскага служэння патрабуе прыняцця ўзважанага рашэння, асабліва калі гэтае рашэнне трэба прымаць у вельмі неспрыяльных для такога служэння ўмовах сучаснага свету», — дадаў суразмоўца.

Датычна неадпаведных паводзінаў святароў і парушэння імі дзяржаўнага права, біскуп пагадзіўся, што падыход тут павінен быць для ўсіх аднолькавы і святар таксама павінен несці адказнасць перад законам.

«І ў кожным канкрэтным выпадку улада напэўна не пакідае гэтага без увагі і прымае адпаведныя меры. Аднак публічнае і неаднаразовае выказванне пра «дэструктыўную дзейнасць» нават «некаторых святароў» падштурхоўвае да думкі, што Каталіцкі Касцёл — гэта патэнцыяльна небяспечная структура. Само па сабе напрошваецца ў дадатак да «дэструктыўная» яшчэ і слова «секта». Так, трэба прызнаць уладзе здольнасць заўважыць і ацаніць пазітыўную ролю, якую адыгрывае каталіцкі Касцёл у нашым грамадстве. Але ў гэтым выпадку атрымліваецца салідная лыжка дзёгцю. Маем справу з методыкай «кнута і перніка»?» – падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?