На беларуска‑расейскай мяжы аднавілася афармленьне часовага ўвозу легкавых аўтамабіляў для грамадзян Беларусі. За дакумэнты трэба плаціць грошы.

Ад учорашняга дня расейскія мытнікі бяруць плату за рэгістрацыю дакумэнтаў зь беларусаў, якія кіруюцца ў Расею. У сувязі з гэтым прастоі ў чэргах на беларуска‑расейскай мяжы складаюць 3—4 гадзіны.

Аршанскі прадпрымальнік Сяргей Антоненка быў непрыемна зьдзіўлены, калі па дарозе ў Смаленск убачыў чаргу зь легкавых і грузавых аўтамабіляў зь беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі, якія выстраіліся на подступах да «празрыстай» беларуска‑расейскай мяжы. Калі дагэтуль працэдура часовага ўвозу распаўсюджвалася выключна на грузавы транспарт, то ад сёньня афармляць яго абавязкова і для ўладальнікаў прыватных аўтамабіляў:

— Гэта было поўнай нечаканасьцю. Заганяюць на стаянку — і далей ідзеш, афармляеш часовы ўвоз. Чарга вялізная, бо для ўсіх агульная — тут і грузавікі, і легкавікі, кіроўцы ўсе разам стаяць. На цэнтральным пераезьдзе «Красная горка» з расейскага боку дакумэнты прымаюць толькі тры чалавекі. Ну і, адпаведна, чарга, каб аформіць. Бо фур, само сабой, вельмі шмат: якраз цяпер астатнія дарогі перакрытыя для руху цяжкога транспарту і ўсе ходзяць праз цэнтральныя пераходы.

— Але тычыцца гэта толькі беларусаў?

— Так, беларусаў. Расейцы праяжджаюць вольна, бо афармляе ж дакумэнты расейская мытня. Гэта афармленьне часовага ўвозу транспарту: запаўняеш дэклярацыю, у якую ўпісваеш транспарт, нумар машыны, рухавіка, кузава. А калі выяжджаеш — гэтую паперку здаеш. І цягам 15 дзён мусіш выехаць назад. Калі пратэрмінаваў, то як мінімум — штраф. Але могуць загнаць на штрафную пляцоўку, падаць у суд, і справа — ажно да канфіскацыі. У расейцаў гэта сурова, калі пратэрмінаваў часовы ўвоз. Там наўпрост запісана: маеш права ўехаць, але бяз права продажу, перадаверваньня і г.д.

Акрамя часу — як кажа мой суразмоўца, ён адстаяў у чарзе больш за тры гадзіны — афармленьне патрабуе і грошай. 250 расейскіх рублёў за рэгістрацыю плюс 50 рублёў — за кампутарныя паслугі. Разам — больш за 10 даляраў.

Варта ўзгадаць, што на пачатку мінулага году Фэдэральная мытная служба Расеі ўжо ўводзіла афармленьне часовага ўвозу легкавога аўтатранспарту для грамадзянаў Беларусі. Але ў выніку перамоваў паміж кіраўнікамі мытных ведамстваў праз два тыдні працэдуру скасавалі, і больш за год беларусы езьдзілі ў Расею без шматгадзінных вымушаных прастояў на мяжы.

У прэсавай службе Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі сказалі, што ніякіх папярэджаньняў пра пачатак працэдуры афармленьня часовага ўвозу легкавога аўтатранспарту для грамадзянаў Беларусі з боку Фэдэральнай мытнай службы Расеі не атрымлівалі.

У сваю чаргу, прэсавы сакратар Смаленскай мытні Ўладзімер Сафонаў факт прастою беларускага аўтатранспарту на ўчастку беларуска‑расейскай мяжы пацьвердзіў, але адмовіўся патлумачыць, чым выкліканае вяртаньне да рэгістрацыі транспарту зь беларускімі нумарамі. Зь іншых крыніцаў стала вядома, што 27 сакавіка 2008 году Фэдэральная мытная служба Расеі адмысловым лістом скасавала дзеяньне свайго ж ліста ад 6 красавіка 2007 году, якім і была прыпыненая працэдура афармленьня аўтатранспарту.

Паводле: Ігар Карней, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0