Грэчаскія прафсаюзы праводзяць у чацвер 24-гадзінную ўсеагульную забастоўку, выказваючы такім чынам пратэст супраць рэфармавання пенсійнай сістэмы і сістэмы сацыяльнага забеспячэння.

У гарадах не працуе грамадскі транспарт. Таксама закрытыя школы і бальніцы, лекары прымаюць пацыентаў толькі для аказання экстраннай медыцынскай дапамогі. Да страйку далучыліся таксісты.

Згодна з дамоўленасцямі з міжнароднымі крэдыторамі аб вылучэнні Грэцыі фінансавай дапамогі, Афіны павінны ў гэтым годзе зрэзаць выдаткі на выплаты пенсій на 2 млрд даляраў. Гэта азначае, што максімальная пенсія будзе зніжаная з 2,7 тысяч еўра да 2,3 тысяч, а базавая — да 384 еўра.

Урад заяўляе, што мае намер абараніць пенсіянераў настолькі, наколькі гэта будзе магчыма.

Аднак прафсаюзы сцвярджаюць, што кампраміс, на які ўлады ідуць для атрымання фінансавай дапамогі, толькі пагоршыць эканамічную сітуацыю ў краіне і прывядзе да росту беспрацоўя.

У снежні грэчаскі парламент прыняў бюджэт, у якім зафіксаванае скарачэнне дзяржаўных выдаткаў на 5,5 млрд еўра і рост падатковых паступленняў больш чым на 2 млрд еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?