Уладзімір Пуцін ужо 16 гадоў кіруе суседняй з Беларуссю краінай. Спецыяліст у галіне глабальных сацыяльна-палітычных працэсаў, ганаровы прафесар Цэнтра стратэгічных даследаванняў імя Джорджа Маршала ў Германіі Аляксандр Гарын у артыкуле «Падручнік памылак Пуціна» назваў яго курс «палітыкай расстаўленых лакцей».

Расстаўленыя локці — гэта поза, у якой Уладзімір Уладзіміравіч звычайна сядзіць, калі вядзе перамовы. На яе ў Расіі ніхто не звяртае ўвагі, бо нельга папраўляць прэзідэнта, ад якога залежыць твая кар’ера. Аўтар прыводзіць прыклад са звычайнага жыцця, каб быць зразумелым. «Калі вы такі моцны і сядаеце за стол, шырока расставіўшы локці, выхаваныя людзі не будуць з вамі лакцямі піхацца, але зробяць выснову і не запросяць вас да сябе зноў. Вядома, яны вымушаны будуць мець з вамі справу і надалей, але ўжо як з чалавекам, ад якога можна чакаць невядома чаго».

Тое самае трэба сказаць і пра Уладзіміра Пуціна. У канцы 1999 года, калі гэты расійскі палітык толькі збіраўся станавіцца прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі, было шмат разважанняў наконт таго, кім ён на самай справе з’яўляецца, і вядомы гісторык Рычард Пайпс, эксперт па расійскай гісторыі, гледзячы на Пуціна, зрабіў прагноз, які тады для многіх быў нечаканым. «Мне страшным становіцца, калі я гляджу на тое, што чалавек з такім нізкім культурным капіталам стане лідарам такой вялікай краіны, якая валодае ядзернай зброяй». Нягледзячы на пэўны снабізм выказвання, можна цалкам пагадзіцца з прагнозам, ці нават сказаць: як у ваду глядзеў!

Нізкі культурны ўзровень кіраўніка суседняй з намі краіны меў дзве відавочныя праявы.

Першую Гарын назваў «помстай Карла Маркса».

Другая выяўляецца ў тым, што У. Пуцін бачыць навакольны свет і працэсы ў ім як вынік дзейнасці спецслужбаў.

Паспрабуем больш падрабязна спыніцца на кожным з пазначаных чыннікаў.

Карл Маркс мог бы сказаць: «Вы адракліся майго камунізму, вы будуеце капіталізм, добра, але вы яго будуеце ў маёй інтэрпрэтацыі, пры якой «грошы вырашаюць усё», пры якой «дэмакратыя з’яўляецца покрывам», дзе існуе «капіталізм для вузкага кола сяброў». Для У. Пуціна — гэта наступства савецкай адукацыі, якую ён атрымаў у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце (ЛДУ) у 70-я гады. Ён вытрымлівае менавіта такую лінію саёй эканамічнай палітыкі і кантралюе гэты капіталізм праз сваіх сяброў, якія даўно ўтварылі так званую «вертыкаль улады». Праблемай такога разумення з’яўляецца толькі тое, што гэты капіталізм знік паўсюль у цывілізаваным свеце пасля Другой сусветнай вайны, квітнее ж ён толькі ў адной, але затое самай вялікай краіне — у Расійскай Федэрацыі.

Пуцін атрымаў размеркаванне на працу ў аддзеле кадраў Ленінградскага ўпраўлення КДБ, а пасля перападрыхтоўкі, у тым ліку і вучобы ў інстытуце КДБ імя Андропава, ён быў накіраваны на працу ў ГДР.

У Берліне і Дрэздэне Пуцін займаўся контрвыведкай. Але паколькі ў 1989 годзе ва Усходняй Германіі ўспыхнула антыкамуністычная рэвалюцыя, нашаму герою давялося вяртацца назад у СССР і «ўласнаручна спальваваць дакументы са спісамі савецкай агентуры ў ГДР», як ён прызнаваўся ў сваім інтэрв’ю журналістам амерыканскага часопіса «Тайм» у 2007 годзе. Напэўна, вучоба ў інстытуце імя Андропава і практыка дзейнасці ў галоўнай спецслужбе Савецкага Саюза і Расійскай Федэрацыі (У. Пуцін узначальваў ФСБ у 1998 годзе) зрабіла яго зацятым прыхільнікам «тэорыі змовы», да гэтага часу папулярнай у найменш адукаванай часткі савецкага і расійскага насельніцтва.

Яна, у сваю чаргу, паўплывала на даволі прымітыўнае бачанне свету, у ім ёсць толькі «свае» і «чужыя», «героі» і «здраднікі», якія нясуць адказнасць за ўсе пакуты Расіі. Адсутнасць культурнага капіталу штурхала У. Пуціна не наперад — да распрацоўкі рацыянальнай стратэгіі развіцця, кіраванай ім краіны, а назад — у XIX стагодзе: да знакамітай трыяды: «праваслаўе, самаўладдзе, народнасць». Толькі ў дзейнага прэзідэнта яна набыла выгляд «суверэннай дэмакратыі», «начальніка ад Бога», якога нельга крытыкаваць, і «нашых». Гэта ўсе было зроблена не зважаючы на тое, што кансерватыўныя тэзісы не вытрымалі выпрабавання часам і прывялі шматнацыянальную Расійскую Імперыю да крывавай бальшавіцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны з мільенамі ахвяраў. Іх паўтор у наш час з’яўляецца, на нашу думку, дзікунствам, якое не ў стане дапамагчы Расіі вырашыць яе надзенныя праблемы, якія з кожным годам пуцінскага кіравання павялічваюцца ў сваім аб’еме.

Тэзіс «начальнік ад Бога» распаўсюджваецца не толькі на Уладзіміра Уладзіміравіча і абраных ім кіраўнікоў постсавецкіх краін, напрыклад А. Лукашэнку. Умяшальніцтва Расійскай Федэрацыі ў справы Сірыі на баку Б. Асада сведчыць аб тым, што не існуе геаграфічных межаў для вышэйшага расійскага кіраўніцтва для аказання ваеннай падтрымкі так званым «дружалюбным рэжымам» у трэцім свеце. Галоўнае, што ад іх патрабуецца, — гэта дэкларацыя яскравай антыамерыканскай палітычнай пазіцыі. Не мае ніякага значэння той факт, што кіруючы рэжым у Дамаску знішчыў на сённяшні момант куды болей грамадзян уласнай краіны, чым так званая «Ісламская дзяржава», ён можа разлічваць на трывалую ваенную падтрымку з боку Масквы. Іншая рэч, што падтрымка гэтая не з’яўляецца эфектыўнай і надзейнай. Але дзе ж вы бачылі эфектыўную палітыку Расіі, дзе ўжо народнай прымаўкай стала, што мы за цаной не пастаім? Расплочвацца і за гэтую авантуру вышэйшай улады давядзецца шматпакутнаму рускаму насельніцтву.

Яшчэ адной праявай «палітыкі расстаўленых лакцей», якую праводзіць У. Пуцін, з’яўляецца падмена стратэгіі тактыкай. Ён увесь час звяртаецца да тых інструментаў, якія пад рукой і з’яўляюцца як быццам бы моцнымі (ад паставак энерганосьбітаў да ваеннай інтэрвенцыі), і забываецца пра доўгатэрміновыя наступствы палітыкі і палітычныя ідэалы наогул. Для яго, як пісаў Оскар Уайлд, «у палітыцы пераважаюць цынікі, якія ведаюць кошт усяму і не маюць ніякіх каштоўнасцяў». Аднак паколькі стратэгія — справа даволі складаная, таму што складаным з’яўляецца свет, у якім ім даводзіцца дзейнічаць, У. Пуціну рана ці позна давядзецца прызнаць, што тое бачанне свету, якое дамінуе толькі на кантраляваных ім тэлеканалах, не прымаецца болей нікім. У першую чаргу трэба сказаць пра найбольш развітыя дэмакратычныя краіны свету. Аднак пасля дэмакратычнай рэвалюцыі ва Украіне паступова павялічваецца колькасць постсавецкіх краін, якім Расія ўжо не ў стане «прадаць» сваё прымітыўнае бачанне свету. Хацелася б спадзявацца, што ў 2016 годзе да іх далучыцца і Беларусь.

Палітыка «расстаўленых лакцей» з’яўляецца відавочнай дэманстрацыяй не моцы, а ўнутранай слабасці кіруючай у Расіі палітычнай эліты. Дзяржава, якая вырабляе толькі нафту і газ, не можа дыктаваць умовы суседнім краінам ва ўмовах рэзкага падзення цэнаў на энерганосьбіты на сусветным рынку. Ва ўмовах, што склаліся, пры абсалютнай ваеннай перавазе ЗША над Расіяй, ваенная авантура Крамля ў Сірыі пацерпіць паразу. У такіх абставінах беларускае кіраўніцтва не павінна быць закладнікам раней дадзеных абавязацельстваў У. Пуціну, таму што пры працягу жорсткага эканамічнага крызісу ў Расіі, нельга чакаць ад яго выканання сваіх абавязацельстваў беларусам. Даўно надышоў час пераарыентаваць нашу замежную і абаронную палітыку на Кіеў, а праз яго на Брусэль, як куды больш развітых і надзейных партнёраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?