Мінскія таксісты 6 лютага правялі стыхійны сход кіроўцаў усіх дыспетчарскіх службаў сталіцы. На арганізаванай на Далгінаўскім тракце паркоўцы не было хіба машын таксі «Пятніца»: кіроўцы гэтай службы працуюць за фіксаваны заробак. Астатнія абмяркоўвалі, як працаваць далей ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і нізкіх тарыфаў, піша TUT.by.

Прыход на рынак новага бюджэтнага сервісу таксі Uber X стаў для іх «апошняй кропляй». Як тлумачаць самі таксісты, яны павінны плаціць падаткі, павышаную страхоўку, дарожны збор двойчы на год, абаненцкую плату дыспетчарам службы, а таксама несці шэраг іншых выдаткаў. Uber вольны ад такога фінансавага цяжару і таму можа збіваць кошты.

У цэлым кіроўцы таксовак разумеюць, што прыход Uber выгадны кліенту і гэты сервіс усё адно не выцесніць традыцыйную таксоўку з вуліцы. Але ж пры гэтым яны наракаюць, што дзяржава «выціскае з іх усе сокі, штрафуе, карае і нічога не дае наўзамен».

Апошнім разам тарыфы на праезд у таксоўцы павышаліся, калі долар каштаваў 8 тысяч рублёў. Цяпер яны працягваюць ездзіць за 6,5 тысячы за кіламетр. Пры гэтым некаторыя дыспетчарскія службы прывязалі тарыфную абаненцкую плату для таксістаў да курса долара, які істотна вырас.

Не ўсе таксісты могуць сысці да Uber: многія не змогуць дазволіць сабе новую машыну з катэгорыі «да пяці год».

Удзельнікі сходу не выключалі масавых акцыяў пратэсту. Сярод іншага яны пагражаюць выехаць на МКАД і «спыніць горад».

У сталіцы на сёння працуе каля 6 тысяч легальных таксістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?