Лілія Ананіч. Фота БелТА

Лілія Ананіч. Фота БелТА

Міністэрства інфармацыі гатовае выносіць папярэджанні СМІ за недаставерную інфармацыю, — заявіла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» тэлеканала «Беларусь-1».

Так яна пракаментавала публікацыі, дзе робіцца акцэнт на словах віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай пра заробкі пачаткоўцаў-трэнераў.

Нагадаем, што Качанава на мінулым тыдні спачатку на калегіі Міністэрства аховы здароўя выказалася на адрас медыкаў, што яны «як працуюць, так і зарабляюць». А пасля на калегіі Мінспорту заклікала трэнераў нармальна ўспрымаць заробак у памеры 1,3 мільёна і назвала трэнераў «гасударавымі людзьмі» — тэрмін з лексікону расійскай манархіі.

«Інтэрнэт, які прэтэндуе на ролю сродку масавай інфармацыі, спарадзіў вось гэтую з'яву — выхопліваць з кантэксту слова і падаваць яго ў тым соусе, як прадпісана рэдакцыйным заданнем», — заявіла міністр Ананіч.

Ананіч заявіла, што на калегіі Мінспорту ішла сур'ёзная размова пра тое, як развіваецца галіна.

«Удумлівае чытанне усяго сказанага павінна быць галоўным у асвятленні тых ці іншых падзей. Але калі журналіст не сумнеючыся, слаба наогул разбіраючыся ў праблемах той ці іншай галіны, спрабуе замяніць гэта кідкім загалоўкам …, атрымліваецца такая касая і крывая журналістыка. Гэта не журналістыка, гэта — непрафесійная праца. Гэта — дэструктыўна», — упэўненая Лілія Ананіч.

Яна адзначыла, што па законе аб СМІ «за недакладную інфармацыю Мінінфарм будзе выносіць папярэджанні». Яна таксама апелявала да паняцця прафесійнай этыкі. «Ёсць паняцце прафесійнай этыкі, і калі ганяцца за кожнай фразай, не хопіць ніякага закону», — сказала яна.

«Калі гэта жаданне падыграць, распаліць, жаданне заангажаваць адпрацаваць тэму — тады трэба ўжываць ўладу», — сказала Ананіч.

«Інтэрнэт прыўнёс у дзейнасць журналісцкай супольнасці вялікі разбуральны складнік. Калі гэтыя рэсурсы становяцца кіраванымі не толькі рэдакцыйнымі калектывамі і непрафесійнымі дзеяннямі журналістаў, а калі яны падхопліваяюцца як сродак дасягнення палітычных мэтаў, нечыіх амбіцый іншага характару, мы і атрымліваем тое, што атрымала Украіна», — засцерагла міністр інфармацыі.

Нагадаем, што ў Беларусі няма незалежных грамадска-палітычных тэлеканалаў і радыё, а так званыя «дзяржаўныя СМІ» насамрэч адлюстроўваюць думку толькі той групіроўкі, якая знаходзіцца ва ўладзе. У той жа час інтэрнэт-СМІ застаюцца свабоднымі і плюралістычнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?