Reuters.com
Новы прэзідэнт М'янмы будзе абраны парламентам краіны 17 сакавіка. Пра гэта ў панядзелак паведаміў старшыня Сходу нацыянальнасцяў (верхняя палата парламента) Ман Він Кхайнг Тхань.
Абвяшчэнне было зроблена падчас першай сумеснай сесіі верхняй і ніжняй палаты зноў абранага парламента, якая праходзіць сёння ў Нейп'ідо. Кандыдатуры прэтэндэнтаў пакуль не апублікаваныя.
Паводле працэдуры, верхняя і ніжняя палаты парламента вылучаюць па аднаму кандыдату на прэзідэнцкую пасаду. Яшчэ аднаго прэтэндэнта прапануюць узброеныя сілы М'янмы.
Пераможцу вызначаюць простай большасцю галасоў. Двое, хто прайгралі — становяцца віцэ-прэзідэнтамі.
Новы кіраўнік краіны зможа ўступіць у пасаду толькі з 1 красавіка — менавіта тады мінае тэрмін паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта Тэйн Сейна.
Імёны нават патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта М'янмы пакуль застаюцца загадкай. Зноў абраны парламент, дзе абсалютная большасць па выніках выбараў дасталася Нацыянальнай лізе за дэмакратыю (НЛД), пачаў сваю працу ў лютым. Аднак лідар партыі, вядомая апазіцыянерка і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы не можа фармальна стаць прэзідэнтам. Су Чжы з'яўляецца ўдавой брытанскага навукоўца, а двое іх сыноў маюць падданства Брытаніі і пражываюць у Лондане.