Нацбанк Беларусі рэкамендаваў камерцыйным банкам актывізаваць працэс прыцягнення сродкаў нерэзідэнтаў. Перад банкаўскай сістэмай краіны пастаўлена задача прыцягнуць у 2016 годзе ад нерэзідэнтаў да 1,5 млрд. долараў.
Пры гэтым Нацбанк рэкамендаваў банкам улічваць вынікі работы па прыцягненні сродкаў нерэзідэнтаў пры вызначэнні аплаты працы топ-менеджараў камерцыйных банкаў.
На думку аналітыкаў фінансавага рынку, заданне па прыцягненні сродкаў нерэзідэнтаў пастаўлена перад банкамі для таго, каб апошнія мелі магчымасць купляць на ўнутраным рынку дзяржаўныя валютныя аблігацыі. «Гэта заданне можна растлумачыць імкненнем Мінфіна і Нацбанка пазычаць замежную валюту ў беларускіх банкаў. Мы бачым, што актыўна праводзяцца аперацыі па рэфінансаванні даўгавых абавязацельстваў урада і Нацбанка шляхам размяшчэння новых выпускаў валютных аблігацый. Каб у банкаў была магчымасць іх купляць, ім ставяць задачу прыцягваць сродкі нерэзідэнтаў», — лічыць старшы аналітык форэкс-брокера «Альпары» Вадзім Іосуб.
Паводле слоў экспертаў, ва ўмовах рэцэсіі і высокай валацільнасці на валютным рынку попыт на валютныя крэдыты ў прадпрыемстваў зніжаецца, і таму прыцягваць сродкі нерэзідэнтаў для выдачы валютных крэдытаў бессэнсоўна. «Сёння банкі не могуць нарошчваць актывы ў валютным эквіваленце, паколькі ўсе разумеюць — эканоміка сціскаецца. Калі ў прадпрыемстваў зніжаецца попыт на іх прадукцыю - яны скарачаюць аб'ём вытворчасці, падае патрэба ў крэдытных рэсурсах», — адзначыў фінансавы аналітык.
Звесткі Нацбанка сведчаць, што партфель валютных крэдытаў банкаў скарачаецца. Так, у 2015 годзе запазычанасць дзяржаўных прадпрыемстваў па валютных крэдытах знізілася на 15,8% да 6,15 млрд. долараў, запазычанасць прыватных прадпрыемстваў па валютных крэдытах банкаў скарацілася на 13,6% да 5,1 млрд. долараў.
«Магчымасць прыцягваць валютныя рэсурсы ў пасівы банкаў (ад нерэзідэнтаў) існуе. Пытанне ў іншым — куды іх падзець акрамя як аддаць дзяржаве?» — адзначыў эксперт.
Практыку давядзення да банкаў заданняў па прыцягненні валютных сродкаў эканамісты лічаць малаэфектыўнай мерай. «Гэта ў чыстым выглядзе адміністрацыйная мера. У нас увайшло ў звычку вырашаць праблемы праз увядзенне розных мэтавых паказчыкаў. Аднак, як паказвае час, у доўгатэрміновым перыядзе, а тым больш у крызісных сітуацыях, гэтая практыка не працуе. Таму эфектыўнасць такіх крокаў вельмі сумніўная», — мяркуе эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.