Судом Партызанскага раёна Мінска да шасці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму прыгавораны былы начальнік упраўлення інвестыцыйнай палітыкі і фінансаў будаўнічай сферы Міністэрства фінансаў Беларусі, паведамілі ва УУС Мінскага аблвыканкама.

Згодна з інфармацыяй міліцыі, у 2014 годзе паводле матэрыялаў УБЭЗ УУС Мінаблвыканкама Генеральнай пракуратурай у дачыненні да высокапастаўленага чыноўніка была распачатая справа на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

Аператыўныя супрацоўнікі ўстанавілі, што ў 2011 годзе за садзейнічанне ў збыце акрылавых ваннаў, якія выпускае прадпрыемства, у тым ліку пастаўцы іх на аб'екты, што будуюцца з дзяржпадтрымкай, а таксама пагашэнні завінавачанасці за пастаўленую прадукцыю чыноўнік атрымаў ад дырэктара прадпрыемства ў якасці хабару аўтамабіль Toyota Hilux коштам большым за 250 млн рублёў (у цэнах 2011 года). Падчас расследавання крымінальнай справы было ўстаноўлена, што чыноўнік не грэбаваў і запраўляць свой аўтамабіль за кошт гэтага ж прадпрыемства. За год (з 2012-га па 2013-ты) у бак яго аўтамашыны было заліта больш за 550 літраў дызпаліва.

За выкананне дзеянняў, што ўваходзілі ў яго кампетэнцыю, па паскарэнні ажыццяўлення аплаты дзяржказначэйствам за выкананыя ўжо іншым прадпрыемствам работы чыноўнік атрымаў ад дырэктара гэтага прадпрыемства ў выглядзе хабару 2 400 кілаграмаў даламітавай мукі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?