Вялікі пост сёлета мае асаблівае значэнне, бо гэта Юбілейны год Божай Міласэрнасці, гаворыцца ў звароце Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на афіцыйным сайце РКЦ у Беларусі.

«Трагедыя сучаснага чалавека ў тым, што ён страціў пачуццё граху і праўду аб Божай міласэрнасці. І першае, і другое вельмі небяспечна, бо не дазваляе сустрэцца з аздараўленчым боскім міласэрным дараваннем. Адзін кажа, што не мае граху, і таму яму не трэба звяртацца, другі — што так шмат зграшыў, што яму ўжо ніхто не зможа дапамагчы. На самай справе гэта зусім не так. Усім нам неабходна ўсвядоміць, што мы грэшныя, і даверыцца бязмежнай Божай Міласэрнасці», — заяўляе мітрапаліт.

Ён таксама адзначае, што неабходна адрозніваць грэшніка, які разумее сэнс граху, ад таго, хто не разумее ці страціў гэты сэнс. «Апошні адмаўляецца ад неабходнасці абарачэння і Божага прабачэння, апраўдваючы свае грэшныя дзеянні тым, што ўсе так жывуць, што цяпер іншыя часы, не сярэднявечча і г.д. Такі хрысціянін вядзе падвойнае жыццё, што з'яўляецца скандалам, як кажа папа Францішак», — гаворыцца ў звароце іерарха.

Вялікі пост у каталікоў сёлета пачынаецца 10 лютага і будзе доўжыцца да 26 сакавіка. Вялікдзень будзе адзначацца 27 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?