У траўні 2015 годзе Віктар Хадасевіч быў асуджаны Бабруйскім судом да двух гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 18 мільёнаў беларускіх рублёў за карупцыйнае злачынства. Згодна рашэння суда, Хадасевіч быў тэрмінам на тры гады пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распадарчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Разам з Хадасевічам да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады і штрафу ў памеры 18 мільёнаў рублёў была асуджана галоўны тэхнолаг Бабруйскага мясакамбіната Аксана Дзыгун.

Віктар Хадасевіч і Аксана Дзыгун былі абвінавачаны ў замаху на крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым групай асоб па папярэдняй змове.

Падчас следства і суда было ўстаноўлена, што раніцай 18 снежня 2014 года Хадасевіч на сваім працоўным месцы даў указанне галоўнаму тэхнолагу падрыхтаваць для яго для навагодніх святаў па некалькі батонаў вэнджанай і варанай каўбасы, вэнджаныя мясныя вырабы, фарш, мяса, языкі і іншую прадукцыю. Дзыгун, у сваю чаргу, дала адпаведныя рапараджэнні начальніку каўбасна-кулінарнага цэха і іншым падначаленым.

Прадукты патаемна перанеслі ў гараж на тэрыторыі прадпрыемства, у службовы мікрааўтобус дырэктара. Кіроўцу Хадасевіч даў указанне выехаць з тэрыторыі прадпрыемства і пакінуць аўтамабіль каля адміністрацыйнага будынка камбіната. Падчас выезда праз прахадную аўтамабіль быў затрыманы супрацоўнікамі дэпартамента аховы. Мясапрадукты на суму 1 904 140 рублёў былі канфіскаваны.

Сам Віктар Хадасевіч у судзе сваю віну не прызнаў. Ён адпрацаваў на пасадзе дырэктара Бабруйскага мясакамбіната толькі каля паўтара мясяца, да гэтага Хадасевіч два гады працаваў на прадпрыемстве галоўным інжынерам, а папярэдне займаў іншыя пасады.

Дарэчы, зараз Следчым упраўленнем УСК па Магілёўскай вобласці завершана расследванне крымінальнай справы ў адносінах папярэдніка Хадасевіча на пасадзе дырэктара Бабруйскага мясакамбіната, які абвінавачваецца ў нанясенні стратаў прадпрыемству на суму 33 мільярды рублёў у перыяд з верасня 2009 г. па кастрычнік 2014 г..

Былы старшыня СВК «Ліпаўка» Ігар Татарчук зараз прызначаны выконваючым абавязкі кіраўніка ў больш буйное ААТ «Кастрычнік-Бяроўзкі» у тым жа Хоцімскім раёне. Працаўнікі СВК «Ліпаўка» не вельмі задаволены пераводам Татарчука ў іншую гаспадарку і прызначэннем на яго месца праштрафіўшагася былога кіраўніка Бабруйскага мясакамбіната. Большасць гаспадарак Хоцімскага раёна знаходзяцца не ў лепшым стане і маюць вялікія цяжкасці з своечасовай выплатай заробкаў сваім працаўнікам.

За апошні месяц у Беларусі ўжо некалькі былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія раней былі асуджаны за карупцыйныя злачынствы, прызначаны кіраваць іншымі прадпрыемствамі. Такая вось своеасаблівая барацьба з карупцыяй у краіне атрымліваецца…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?