Аляксандр Лукашэнка патрабуе стварэння ў краіне сумленнай і празрыстай сістэмы гандлю. Такую задачу ён паставіў сёння, прымаючы з дакладам міністра гандлю Уладзіміра Калтовіча.

«Я столькі ўвагі ніводнаму міністру не надаваў, колькі хацеў бы надаць рабоце Міністэрства гандлю ў будучыні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — З чаго я зыходжу перш за ўсё? Не з нейкіх букварных ісцін і эканамічных, навуковых выкладак, хоць гэта таксама важна. Я сыходжу з жадання і імкнення нашых людзей да сумленнасці і справядлівасці».

Кіраўнік краіны нагадаў, наколькі гандаль быў падкантрольны ўладзе ў савецкія часы. «Гандаль быў тварам улады. Ён застаецца і сёння, бо з гандлем чалавек сутыкаецца кожны дзень. Калі разбурылі адпаведную эканамічную сістэму, перайшлі да нейкай рынкавай эканомікі, мы вырашылі, што, у прынцыпе, гандаль як такі не патрэбны: ёсць прадпрыемствы, у залежнасці ад попыту і прапановы гандлюем…», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта прывяло да таго, што гандаль, з аднаго боку, прыціснуў вытворцу, а другой рукой забраў грошы ў спажыўца. «І ў нас, паглядзіце, сёння людзі, якія працуюць у гандлі, сталі самымі заможнымі. Я не супраць прадпрымальнікаў, я не супраць элементаў існага гандлю, але я катэгарычна супраць незаробленых грошай», — падкрэсліў ён.

«Матывую. Я лічу, што грошы, перш за ўсё, павінны атрымліваць тыя, хто тавар вырабляе, а гандаль павінен мець сваю нейкую маржу або долю ад цаны гэтага тавару, але гандаль не павiнен быць абдзіралаўкай. Я падводжу да таго, што нейкае б мы даследаванне ні праводзілі, народ больш за ўсё турбуе рост цэнаў. Першае месца — рост цэн», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што добра знаёмы з сістэмай гандлю і не згодны з тым, што адбываецца цяпер. «Трэба стварыць гэтую сістэму ў Беларусі і паказаць усім, што гандаль - гэта сур'ёзная галіна, і ён можа быць адносна сумленным. Там сумленнасці не было і ў тыя савецкія часы, калі жалезна кантралявалася. Цяжка будзе і цяпер. Але падысці да гэтага, імкнуцца да гэтага трэба. І вы павінны ў краіне стварыць гэтую сістэму», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да міністра гандлю, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Хто б вам што ні казаў, вы будзеце наўпрост адказваць перада мной. І перад народам. Усё, што мы робім сёння, - мы павінны падабацца свайму народу. Не трэба папулізмам займацца, не трэба падлашчвацца перад народам. Я прама заўсёды казаў: дайце народу працу і спытаеце на ўсю катушку з гэтага народа. Але калі мы народу нічога не даем, і перш за ўсё працы не можам даць, што мы з яго спытаем?! Ва ўсім мы вінаватыя будзем і правільна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?