Сёння ў Лондане адбылося лёсаванне матчаў плэй-оф за выхад у Сусветную групу розыгрышу Кубка Федэрацый. Тэнісісткі зборнай Беларусі сустрэнуцца з камандай Расіі. Матч пройдзе 16—17 красавіка на пляцоўцы расіянак.
У мінулыя гады беларускія і расійскія тэнісісткі сустракаліся паміж сабой 3 разы. У актыве беларусак дзве перамогі (1995, 1996), расіянкі перамаглі толькі аднойчы (1997). Усе папярэднія матчы праходзілі на розных стадыях спаборніцтваў у першай групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Федэрацый.
Беларускія тэнісісткі сёння вярнуліся дадому з Квебека, дзе паспяхова правялі матч другой Сусветнай групы Кубка Федэрацый, адолеўшы канадскую каманду з лікам 3:2.
Астатнія пары плэй-оф за выхад у Сусветную групу:
Іспанія - Італія,
Румынія - Германія,
Аўстралія - ЗША.
Пераможцы атрымаюць права згуляць у наступным сезоне сярод мацнейшых каманд, а тыя, хто прайграў застануцца ў другім па рангу дывізіёне.
Таксама 16—17 красавіка адбудуцца паўфінальныя матчы элітнай групы Кубка Федэрацый: Швейцарыя — Чэхія, Францыя — Нідэрланды. Пераможцы паўфіналаў 12—13 лістапада разыграюць галоўны прыз неафіцыйнага чэмпіянату свету сярод жаночых каманд.
У мінулым годзе трыумфатарам стала зборная Чэхіі, якая перамагла ў фінале расійскую каманду з лікам 3: 2. Акрамя таго, чэшскія тэнісісткі выйгравалі Кубак Федэрацый яшчэ 3 разы (2011, 2012, 2014).