Пасля таго як стала вядомае імя нобелеўскага лаўрэата па літаратуры за 2015 год, маскоўскае выдавецтва «Час» распрадало ўвесь свой наклад кніг Святланы Алексіевіч за суткі, паведаміў менеджар выдавецтва Дзмітрый Гасін 10 лютага ў Мінску.

Выдавецтва «Час» удзельнічае ў XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, што праходзіць 10—14 лютага ў выставачным цэнтры на праспекце Пераможцаў. Нягледзячы на тое што кампанія прэзентуе кнігі першага беларускага нобелеўскага лаўрэата па літаратуры, стэнд выдавецтва займае маленькую плошчу не ў цэнтры экспазіцыі.

На пытанне, чаму самой Алексіевіч няма на выставе, Гасін адказаў, што гэтае «пытанне не да маскоўскага выдавецтва, якое само з'яўляецца ў Мінску госцем». Ён запэўніў, што калі Алексіевіч запросяць на такое мерапрыемства ў Мінск ці любы іншы горад, выдавецтва «Час» «будзе імкнуцца зрабіць так, каб яе кнігі там былі».

Менеджар кампаніі падкрэсліў: прысуджэнне самай ганаровай прэміі свету беларускай пісьменніцы стала для іх выдавецтва «падзеяй, якая бывае раз у жыцці». «Нобелеўская прэмія — гэта велізарная трыбуна для пісьменніка і ўсёй нацыянальнай культуры, у гэтым выпадку — для ўсёй рускамоўнай культуры. Ну і для Беларусі, вядома, таксама», — дадаў ён.

«Алексіевіч на працягу некалькіх гадоў была адной з галоўных прэтэндэнтаў на прэмію, на яе ставілі букмекеры, усе, хто звязаныя з прэміяй, былі ў пастаянным чаканні, — нагадаў Гасін. — Калі прэмію, нарэшце, прысудзілі, і пра гэта было абвешчана, продаж падскочыў так, што ўвесь наш наклад быў распрададзены за суткі. Мы зараз пастаянна дадрукоўваем наклады і лічым, што гэта вельмі добра. Кожная з кніг Алексіевіч — на вельмі важную тэму. Яе кнігі перакладзеныя на 30 моў, таму, вядома ж, мы хочам, каб у Расіі яе ведалі і чыталі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?