10 лютага суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў хулігана да двух гадоў абмежавання волі паводле абвінавачання ў рабаванні і збіцці гея з-за яго сэксуальнай арыентацыі. Гэта першы ў гісторыі Беларусі прысуд па злачынстве на глебе гамафобіі, паведамляе Беларускі праваабарончы цэнтр «Ідэнтычнасць».

Вядома, што абвінавачаны ўваходзіў у групу «Акупай-педафіляй». Са сваёй будучай ахвярай пазнаёміўся ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

5 лістапада 2015 года новыя знаёмыя сустрэліся каля адной са станцый мінскага метро, набылі ў супермаркеце піва, цыгарэты і чыпсы і накіраваліся распіваць спіртное ў двор жылога дома. Праз гадзіну абвінавачаны пачаў цікавіцца сэксуальнай арыентацыяй пацярпелага. Пераканаўшыся ў тым, што малады чалавек — гей, абвінавачаны некалькі разоў яго ўдарыў, затым дастаў мабільны тэлефон і пачаў весці відэазапіс. Абвінавачаны прымушаў сваю ахвяру прызнавацца ў яго гомасэксуальнасці, раскрываць асабістыя звесткі (прозвішча і імя, месца жыхарства, месца працы), распытваў пра яго сэксуальны вопыт. Нападнік патрабаваў, каб пацярпелы спыніў гомасэксуальныя кантакты, інакш пра яго арыентацыю даведаюцца ўce.

Пасля таго як відэаздымка была скончаная, зламыснік запатрабаваў у пацярпелага грошы на цыгарэты і сам дастаў з яго кашалька 100 тысяч рублёў.

Злачынец асуджаны на падставе ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 206 (рабаванне, учыненае з пагрозай прымянення гвалту) Крымінальнага кодэкса і прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Акалічнасцю, што абцяжвае адказнасць, прызнанае ўчыненне злачынства паводле матываў варожасці або розні ў дачыненні да сацыяльнай групы — ЛГБТ-супольнасці.

Абвінавачаны таксама абавязаны выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў 5 млн рублёў, матэрыяльнай шкоды — 150 тыс. рублёў, а ў лік судовых выдаткаў і паслуг адваката — 2,5 млн рублёў.

У судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну і заявіў, што раскайваецца ў зробленым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?