Stadler Rail Group плануе перанакіраваць заказы з іншых заводаў кампаніі ў Фаніпаль (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) для дазагрузкі вытворчых магутнасцяў, паведаміў 10 лютага падчас прэс-канферэнцыі на ЗАТ «Штадлер Мінск» старшыня праўлення і ўладальнік швейцарскай кампаніі Петэр Шпулер.

Негатыўна паўплывала на дзейнасць завода «Штадлер Мінск» значнае падзенне рынкаў краін СНД з-за зніжэння цэн на нафту і газ, дэвальвацыі рубля, а таксама санкцый супраць Расіі. У гэты момант магутнасці прадпрыемства ў Фаніпалі загружаныя на 30-40%.

Сваю ролю тут адыгралі праблемы з фінансаваннем буйной замовы расійскай кампаніі «Аэраэкспрэс». Першапачаткова бакі падпісалі кантракт на 25 цягнікоў. Затым заказ быў скарэктаваны да 24 цягнікоў. Цяпер расійская кампанія гатовая купіць 11 цягнікоў.

«Кантракт складзены ў еўра. У снежні 2014 года наш кліент звярнуўся да нас і паведаміў, што яму будзе праблематычна аплаціць гэты заказ з-за эканамічных прычын, бо ў выніку абвалу рубля нашы цягнікі для іх сталі ў два разы даражэйшыя», — адзначыў Шпулер.

На працягу года кампанія вяла актыўныя перамовы з «Аэраэкспрэсам», банкамі, якія даюць крэдыты, таксама з кампаніяй, што страхуе рызыкі, і ў выніку бакі прыйшлі да таго, што 11 электрацягнікоў будуць перададзеныя «Аэраэкспрэсу».

«Мы ўжо атрымалі першыя плацяжы большага памеру. І што яшчэ важна — у нас ёсць таксама страхаванне экспартных рызык згодна з гэтым кантрактам. Швейцарская кампанія, якая страхуе рызыкі, падвоіла тэрмін выплаты крэдыту, які ў выніку складае больш за 20 гадоў. Гэта прывяло да таго, што штогадовы фінансавы цяжар для «Аэраэкспрэса» зараз прымальны», — падкрэсліў уладальнік Stadler Rail Group.

Адгрузіць 11 цягнікоў «Аэраэкспрэсу» плануецца ў сёлета. Астатнюю частку замовы «Штадлер Мінск» плануе прадаць у Азербайджан і іншыя краіны СНД.

«Тры цягнікі ўжо ў Азербайджане, два гатовыя да адпраўкі. Таксама існуе магчымасць, што яшчэ пяць цягнікоў будуць прададзеныя ў Азербайджан. Застаюцца яшчэ тры цягнікі. Я думаю, што яны будуць рэалізаваныя іншым замоўцам у СНД, таму мы можам сказаць, што вырашым праблему без магчымай шкоды», — сказаў Шпулер.

Для дазагрузкі вытворчых магутнасцяў плануецца ў тым ліку перадаць заказы з іншых заводаў Stadler Rail Group на завод у Фаніпалі.

«Мы перакананыя, што сёлета здолеем запоўніць магутнасці. Мы робім сур'ёзныя намаганні, каб інтэнсіфікаваць наш продаж на рынках. Таксама на гэты момант ідуць інтэнсіўныя перамовы з нагоды таго, каб асобныя заказы перанесці з іншых заводаў на завод у Фаніпалі», — адзначыў уладальнік Stadler Rail Group.

Швейцарская кампанія працягне інвестыцыі ў завод. Сёлета плануецца накіраваць 4-5 млн. еўра на закупку абсталявання для механічнай апрацоўкі алюмініевых профіляў.

«Мы ўпэўненыя ў гэтым заводзе, яго размяшчэнні. Узровень яго супрацоўнікаў проста выдатны. Акрамя таго, мы заўсёды атрымлівалі ўсёабдымную падтрымку як з боку ўрада, так і мясцовых уладаў. Мы таксама перакананыя, што палітычныя і эканамічныя крызісы калісьці павінны скончыцца і рынкі на Усходзе зноў павінны заквітнець», — сказаў Шпулер.

Праект па стварэнні вытворчасці электрацягнікоў у Фаніпалі стартаваў у снежні 2011 года. Тады ў Беларусі было створана ААТ «Электрычны транспарт». 60% акцый кампаніі належала Stadler Rail Group, астатняя частка ў выглядзе актываў холдынга «Белкамунмаш» — Мінаблвыканкаму.

У 2014 годзе кампанія Stadler выкупіла 40-працэнтную долю ў беларускіх уладаў і стала адзіным уладальнікам акцый прадпрыемства. Спачатку яно было пераўтворанае ў ААТ «Штадлер Мінск», а затым — у ЗАТ з такой жа назвай. У красавіку 2014 года ў Фаніпалі было завершанае будаўніцтва завода па вытворчасці электратранспарту. У яго стварэнне Stadler інвеставаў 50 млн еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0