Польскі сейм на пасяджэнні камітэта па замежнай палітыцы 10 лютага ўхваліў кандыдатуру намесніка міністра замежных спраў Польшчы Конрада Паўліка на пасаду новага пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі, паведаміў прэс-сакратар польскага пасольства ў Мінску Марцін Вайцяхоўскі.
«Паўліку яшчэ трэба прайсці некаторыя крокі, у прыватнасці слуханні ў сенаце, але гэта ўжо фармальнасці», — сказаў ён.
Пасля ўхвалы сваёй кандыдатуры Паўлік заявіў, што будзе актыўна падтрымліваць усе дзяржаўныя ўстановы і няўрадавыя арганізацыі, якія рэалізуюць праекты, накіраваныя на падтрымку польскай меншасці ў Беларусі. «Я цвёрда веру, што з добрай каардынацыяй, мудрасцю і збалансаванай палітыкай мы можам невялікімі крокамі палепшыць становішча польскай меншасці ў Беларусі без шкоды для адносін з афіцыйным Мінскам», — цытуе Паўліка «Газета выборча».
Конрад Паўлік таксама паведаміў, што яго першай задачай будзе дбайная падрыхтоўка візіту ў Мінск міністра замежных спраў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага. Сам міністр, выступаючы ў парламенце, заявіў, што плануе наведаць Беларусь на працягу некалькіх бліжэйшых тыдняў.
Паводле інфармацыі пасольства Польшчы ў Беларусі, канкрэтная дата візіту Вашчыкоўскага пакуль не вызначаная.
***
39-гадовы Конрад Паўлік — выпускнік Галоўнай гандлёвай школы (Міжнародныя эканамічныя і палітычныя адносіны). У 2001—2006 гадах працаваў у Орхускім універсітэце (Данія), дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 2006—2007 гады працаваў у канцылярыі прэзідэнта, а затым прыйшоў у МЗС. З 2010-га па студзень 2012 годы працаваў у пастаянным прадстаўніцтве Польшчы пры Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў Парыжы. Затым вярнуўся ў Варшаву, дзе з лютага 2012 года па снежань 201-га працаваў ва Усходнім дэпартаменце польскага МЗС, у тым ліку на пасадзе дырэктара. У дэпартаменце Паўлік таксама выконваў функцыі ўпаўнаважанага міністра замежных спраў па пытаннях Усходняга партнёрства. 15 снежня 2014 года быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў Польшчы. Валодае ангельскай, рускай і карэйскай мовамі. Жанаты, мае дачку.
На працягу апошніх двух гадоў Конрад Паўлік неаднаразова бываў у Беларусі. Апошні раз ён наведаў Беларусь у лістападзе мінулага года ў рангу намесніка міністра замежных спраў для ўдзелу ў двухбаковых палітычных кансультацыях і семінары «Беларуска-польскае супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і харчавання». Тады ж польская дэлегацыя наведала Магілёў, дзе праходзіў беларуска-польскі рэгіянальны бізнес-форум.