9 лютага памежнікі спынілі «Опель», у ім знайшлі больш за 440 папугаяў. Дакументаў на птушак у кіроўцы не аказалася. Жывы груз канфіскавалі. «Зялёныя» асцерагаюцца паўтарэння выпадку 2008 г., калі ў Брэсце на памежным кантрольным ветэрынарным пункце былі знішчаны 279 хвалістых папугаяў. 

Тады, у 2008-м, у сувязі з небяспекай завозу на тэрыторыю Беларусі птушынага грыпу было прынята рашэнне аб утылізацыі: птушак без дакументаў усыпілі і спалілі.

— Згодна з беларускім заканадаўствам, жывёлы праходзяць ветэрынарны кантроль да мытнага афармлення і ў паскораным рэжыме. Праўда, невядома, ці ёсць такія вузкія спецыялісты ў мытнай службе. У той жа час допуск да працэдуры прыватных ветэрынарных клінік і юрыдычных асоб выключаны. У выпадку выяўлення якіх-небудзь хвароб жывёлы павінны быць змешчаны на каранцін або могуць быць знішчаныя яшчэ да суда, - тлумачыць юрыст таварыства «Зялёная сетка» Рыгор Фёдараў.

Пакуль канфіскаванымі птушкамі займаюцца дзяржаўныя ветслужбы, паведамілі ў ДМК.

Грамадскасць, актывісты зоаабарончых і экалагічных арганізацый заклікаюць ветэрынарныя і мытныя службы гуманна паставіцца да трапіўшых у бяду птушак, правесці іх ветэрынарны агляд з прыцягненнем кампетэнтных у хваробах птушак спецыялістаў.

Таксама актывісты адзначаюць, што гатовыя аказаць валанцёрскую дапамогу ў кармленні і доглядзе за птушкамі на месцы і просяць даць ім такую магчымасць. Валанцёры гатовыя прымаць удзел у далейшым лёсе жывёл і са свайго боку прапануюць аддаць птушак у дзіцячыя дамы або іншыя адукацыйныя ўстановы, батанічныя сады ці нават заапаркі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?