77-гадовая жыхарка Барысава звярнулася ў стаматалагічную паліклініку са скаргай на тое, што ёй «перашкаджаюць» яе здымныя зубныя пратэзы. Прычынай дыскамфорту аказаліся новыя зубы, якія пачалі рэзацца ў жанчыны.

Доктар, да якога прыйшла пенсіянерка, вызначыў, што ў яе расце зуб. А панарамны здымак паказаў, што ён не адзіны — усяго іх аказалася тры. Як высветлілася, год назад жанчыне ўжо выдалілі зуб мудрасці, які пачаў расці, калі ёй споўнілася 76 гадоў.

«Усё ў мяне ныла, балела, я прымала абязбольвальныя прэпараты. Калі даведалася, што гэта новыя зубы, вельмі здзівілася. Але доктар сказаў, што ў яго ўжо быў выпадак, калі і ў 80-гадовай пацыенткі раслі новенькія зубы. Не дай, Госпадзе, зведаць такую «радасць»», — кажа пенсіянерка.

Жанчына 55 гадоў пражыла ў Мурманску і толькі тры гады таму перабралася ў Барысаў да сваякоў. Пра сваё харчаванне кажа, што яно звычайнае. Пенсіянерка любіць чырвоную рыбу, ікру. Дзякуючы нявестцы, якая клапоціцца пра яе, прымае добрыя вітаміны.

««Трэцяя змена зубоў» у людзей вельмі сталага ўзросту — з'ява рэдкая. Але такія выпадкі ў маёй 20-гадовай практыцы таксама бывалі. Як правіла, у сталым узросце з'яўляюцца так званыя «зубы мудрасці». Нярэдка іх з'яўленне стымулююць знешнія фактары. Напрыклад, тыя ж самыя пратэзы», — распавёў доктар-стаматолаг адной з мінскіх клінік Барыс Барэйка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?