У Беларусі істотна зніжаны ліміты бяспошліннага ўвозу міжнародных пасылак. Адпаведны ўказ №40 кіраўнік дзяржавы падпісаў 11 лютага.

Наколькі паніжаны ліміт бяспошліннага ўвозу?

Раней норма складала 200 еўра ў месяц, але не больш за 31 кг, цяпер яна зменшана да 22 еўра, але не больш за 10 кг.

Чаму прынята рашэнне аб зніжэнні?

Змены нормаў звязана з тым, што ў апошні час назіраецца значнае павелічэнне ўвозу ў Беларусь у міжнародных паштовых адпраўленнях камерцыйных партый тавараў. Іншымі словамі, гэта адна з формаў барацьбы з нелегальнымі прадаўцамі. Для параўнання: за два апошнія гады колькасць камерцыйных партый, што ўвозяцца з інтэрнэт-крам, павялічылася ў шэсць разоў.

Колькі грамадзян Беларусі купляюць тавары ў замежных інтэрнэт-крамах?

Па дадзеных Дзяржаўнага мытнага камітэта, у мінулым годзе міжнародныя пасылкі атрымлівалі каля 10% беларусаў. Гэта значыць для 90% грамадзян з уступленнем ўказа ў сілу нічога не зменіцца.

Чаму 22 еўра?

Беларусь пайшла па прыкладу Еўрапейскага саюза, дзе норма бяспошліннага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях у некаторых краінах таксама складае 22 еўра.

Калі ў міжнароднай пасылцы тавары на суму больш за 22 еўра і 10 кг?

Калі сума ўвазных тавараў перавысіць 22 еўра і 10 кг, то на перавышаную велічыню будуць налічаны мытныя пошліны, падаткі па адзінай стаўцы 30% ад кошту, але не менш як 4 еўра за 1 кг.

Якія яшчэ змены прадугледжаныя ўказам №40?

Увоз тавараў звыш 300 еўра часцей чым раз на квартал будзе абкладацца мытнымі плацяжамі. Указам унесены змены ў парадак перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання праз аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску. Дзеючая норма ў 1,5 тыс. еўра і 50 кг бяспошліннага ўвозу застаецца дзейнічаць, але калі грамадзяне будуць перасякаць мяжу часцей як раз на тры месяцы, то тавары сумай звыш 300 еўра не будуць прызнавацца мытнымі органамі таварамі для асабістага карыстання, а, такім чынам, будуць абкладацца мытнымі плацяжамі. Выключэнне складуць тавары, што ўвозяцца паветраным транспартам, супрацоўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, а таксама тавары, увезеныя раней і ўвозяцца фізічнымі асобамі назад.

Калі змены ўступяць у сілу?

Указ №40 уступіць у сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання. На дадзены момант на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале дакумента няма.

Таму назваць канкрэтную дату пакуль нельга.

Як растлумачылі ў ДМК, названы тэрмін — два месяцы — вызначаны зыходзячы з гранічнага часу прыбыцця на тэрыторыю Беларусі міжнародных пасылак, замоўленых да ўступлення ў сілу ўказа. Атрымліваецца, што грамадзяне, якія ўжо замовілі міжнародную пасылку, змогуць яе атрымаць па старых нормах бяспошліннага ўвозу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?