Ліст з просьбай прадставіць магчымасць выказацца ў «Клубе рэдактараў» падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, шэф-рэдактар «Народнай Волі» Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

У лісце прадстаўнікі СМІ звяртаюць увагу на тое, што ў эфіры ад 7 лютага журналістаў недзяржаўных выданняў неаднаразова згадвалі ў адмоўным святле з выкарыстаннем механізмаў агрэсіўнай прапаганды найгоршага кшталту: падзяленне на «сваіх» і «чужых», навешванне ярлыкоў, агульнае прыніжэнне «тых, хто не падтрымлівае дзяржаўную пазіцыю» і г.д.

Разам з тым, у перадачы галоўны рэдактар газеты «СБ.Беларусь Сегодня» Павел Якубовіч заклікаў для абмеркавання пытанняў свабоды слова з удзелам усіх зацікаўленых у гэтым бакоў: прадстаўнікоў БАЖ і БСЖ, журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных медыяў, дзяржаўных службоўцаў.

«Мы гатовыя да дыялогу, да публічнага дыялогу, але ці гатовыя да гэтага Вы? Калі так, то мы гатовыя прыняць удзел у «Клубе рэдактараў», каб выказаць свой пункт гледжання, як па канкрэтных пытаннях, якія абмяркоўваліся цягам апошніх двух выпускаў, так і наконт ролі і месца СМІ ў сучасным грамадстве», – гаворыцца ў звароце.

Зварот на адрас Генадзя Давыдзькі накіраваны ў Белтэлерадыёкампанію заказным лістом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?