Аляксандр Лукашэнка патрабуе падрыхтоўкі якасных падручнікаў для школ і ВНУ. Пра гэта ён заявіў сёння, уручаючы дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам

«Ні для каго не сакрэт, што ў нас нямала навучальнай літаратуры, якая не адпавядае сучасным патрабаванням як па форме, так і па змесце, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вось хто нам перашкаджае напісаць нармальныя падручнікі?».

«Нам неабходныя якасныя падручнікі! Я ўжо гэта паўтараю не ў першы раз! І абяцаю вам, што гэты год будзе пераломным, — падкрэсліў ён. — Я хачу, каб і начальнікі, і вы гэта пачулі! Ну, цяпер пра гэта казаць! Няма добрых падручнікаў — не будзе дактароў і прафесараў ў будучыні!»

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што якасныя падручнікі для школ і ВНУ неабходныя па шэрагу прадметаў, але ў першую чаргу па гісторыі.

«Яны павінны быць праўдзівымі, цікавымі, выразна выкладзенымі і зразумелымі дзецям. Адказваць на вельмі важныя, істотныя пытанні развіцця нашай гісторыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Што кідаецца на першы погляд? Бярэш падручнік у рукі, паглядзіш на яго афармленне, асабліва на шрыфт, я ўжо не кажу пра тэкст, пра змест, — брыдка ўзяць у рукі! — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Падручнік трэба браць у рукі і шанаваць яго. Ён павінен быць зручным для вывучэння. Хоць бы той «чохавы» тэкст, дзе ўсё дробным шрыфтам зверху данізу напісана, ну хоць неяк бы яго размясцілі на старонцы, вылучыўшы галоўнае: дзесьці ў слупок, дзесьці расцягнуўшы па старонцы і гэтак далей … Няўжо шкада лішні дзясятак аркушоў, на якія б павялічыўся гэты падручнік, для таго каб выкласці нармальна матэрыял? Гэта ж акупіцца! Я ўжо не кажу пра тую паперу, на якой некаторыя падручнікі друкуюцца».

Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць і выкладаннем матэрыялу.

«Павінен сказаць ураду і Міністэрству адукацыі: вы проста нядбала, безадказна да гэтага падыходзіце! Па-наплявацельску! Гэтага быць не павінна!» — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даўно даваў адпаведнае даручэнне. «Новае кіраўніцтва Міністэрства адукацыі прызначалася зыходзячы і з гэтага. Мы туды накіравалі намесніка міністра, які непасрэдна ідэальна ведае школу. Літаральна на працягу трох месяцаў вы павінны будзеце мяне праінфармаваць аб выкананні тых даручэнняў і тых задач, якія ўжо наспелі перад школай. Я не кажу пра ВНУ, якія вы ведаеце лепш за мяне. Там таксама праблем дастаткова! І там не дзеткі да 17 гадоў! Там могуць паглядзець у падручнікі і ацаніць паболей, чым я!» — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?