Група ўкраінскіх грамадзян блакуе праезд расійскіх вялікагрузаў з Беларусі паблізу памежнага пункта пропуску Даманава (Валынская вобласць) — Макраны (Брэсцкая вобласць).
«Каля паўсотні актывістаў перакрываюць ўезд на Украіну (з боку Беларусі) грузавікоў з расійскімі нумарамі, а таксама з нумарамі іншых краін, якія вязуць расійскія тавары», — паведамляе тэлеканал «112».
Самі ўдзельнікі называюць акцыю бестэрміновай і патрабуюць вызвалення палонных, якія знаходзяцца на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях Данбаса. «Ужо павярнулі чатыры грузавікі», - удакладняе тэлеканал.
У чацвер Памежны камітэт Беларусі заявіў, што рыхтуецца да такой акцыі і прыме, пры неабходнасці, дадатковыя меры кантролю.
Цяпер беларускі бок інфармуе кіроўцаў грузавікоў з расійскімі нумарамі аб акцыі і накіроўвае на іншыя пункты пропуску.
Таксама сёння паведамлялася пра блакаду расійскіх вялікагрузаў у Закарпацці.