За першы месяц дзеяння падаходнага падатку з выйгрышаў у азартныя гульні ў бюджэт паступіла больш за 31 млрд рублёў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 12 лютага ў Мінску першы намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Ігар Клепча.

«Летась за кошт выкарыстання сістэмы кантролю ў сферы ігральнага бізнэсу ад арганізатараў азартных гульняў бюджэт дадаткова атрымаў 120 млрд рублёў. Акрамя таго, ад увядзення з 2016 года стаўкі падаходнага падатку ў памеры 4% з выйгрышаў ўжо ў студзені паступіла больш за 31 млрд рублёў плацяжоў у бюджэт», — удакладніў ён.

З 1 студзеня 2016 года даходы фізічных асоб у выглядзе выйгрышаў (вернутых ставак, якія не сыгралі), атрыманыя ад арганізатараў азартных гульняў, у Беларусі падлягаюць абкладанню падаходным падаткам.

У 2016 годзе арганізатары азартных гульняў абавязаны пералічваць у бюджэт сумы вылічанага і утрыманага падаходнага падатку з выйгрышаў не пазней за 22 чысло месяца, наступнага за месяцам, у якім выплачаныя (у тым ліку залічаныя электронныя грошы ў электронны кашалёк) даходы фізічным асобам у выглядзе выйгрышаў.

Паводле звестак МПЗ, у 2015 годзе план па збіранні падатку на ігральны бізнэс быў выкананы на 100,7%. У кансалідаваны бюджэт паступіла 424 млрд рублёў, звыш за план — 3,1 млрд рублёў. Удзельная вага дадзеных паступленняў у агульнай суме падатковых даходаў бюджэту Беларусі склала 0,2%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?